Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзясяткі кавярняў, усе крамы нацыянальнай атрыбутыкі. Гэтыя месцы перасталі існаваць пасьля выбараў


Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Крызіс, выкліканы каранавірусам, а пасьля выбары і страйк — урэшце гэтыя месцы ў Менску і іншых гарадах вымушаныя былі зачыніцца. Сьпіс.

Кавярні

Bistro de Luxe

Гэты клясычны рэстаран францускай кухні адкрыўся ў Менску ў 2010 годзе. Аб закрыцьці рэстарацыі стала вядома ў сьнежні. Гэта адзін з праектаў рэстаратара Вадзіма Пракоп’ева, які зьехаў зь Беларусі яшчэ да выбараў і выказаўся супраць Лукашэнкі.

ID Bar

Кавярня зь цікавым дызайнам каля мэтро «Плошча Перамогі» ў Менску была папулярнаю ў 2010-я. Кавярня зачынілася ў лістападзе мінулага году, пакінуўшы месца піўному бару, які мае адкрыцца тут неўзабаве.

Tapas Bar

Кавярня з гішпанскай кухняй і атмасфэрай — таксама праект рэстаратара Вадзіма Пракоп’ева. Месца на Інтэрнацыянальнай перастала існаваць напрыканцы лістапада.

BarDuck

Кактэйльны бар па вуліцы Інтэрнацыянальнай праіснаваў 7 гадоў і зачыніўся летась. Гаспадары паабяцалі новы праект.

Кавярня «26»

Адна з найлепшых кавярняў гораду на Сьвярдлова зачынілася 10 студзеня. Тутэйшыя барысты ня раз перамагалі ў тэматычных чэмпіянатах. Гаспадары абяцаюць хутка зьявіцца на рынку з новым праектам.

Mai Thai

Рэстаран тайскай кухні на Кірава. Месца праіснавала 5 гадоў і зачынілася разам зь іншымі праектамі Вадзіма Пракоп’ева.

Pelican

Адзін з самых сьвежых праектаў Вадзіма Пракоп’ева, які адкрыўся толькі ў 2018 годзе. Гэта быў бар з кактэйлямі і асобным пакоем для курэньня.

MJOD

Бар з крафтавым півам і закускамі за Чырвоным касьцёлам праіснаваў менш чым год. Месца адкрылася ў разгар першай хвалі каранавірусу і пратрымалася да лістапада.

el Pushka

Папулярны бар у мэксыканскім стылі на Свабоды, 23 закрыўся ў студзені. Уладальнікі паабяцалі, што адкрыюцца зноў, але «не цяпер і ня тут».

Svobody.4

Папулярны вінны бар абвясьціў пра сваё закрыцьцё ў лютым, цяпер гаспадары распрадаюць маёмасьць. Як і многія іншыя пералічаныя тут кавярні, бар не працаваў 26 кастрычніка, калі была абвешчана забастоўка.

O’Petit

Менавіта ў гэтай кавярні падчас акцыі 6 верасьня Мікалай Карпянкоў, які тады ўзначальваў ГУБАЗік, біў шкляныя дзьверы, каб сілавікі маглі затрымаць пратэстоўцаў, якія схаваліся ў кавярні. 4 сьнежня гаспадары кавярні абвясьцілі, што закрываюцца на нявызначаны тэрмін.

Сетка «Старамесцкі півавар»

Гэта сетка аб’ядноўвала адразу некалькі месцаў у Менску: Beerhold, Bruxelles, Butler, «Хинкали искали?». Усе гэтыя кавярні цяпер зачыніліся. Брэнд «Старамесцкі півавар» зьявіўся ў Менску ў 2013 годзе, гэта былі кавярні з крафтавым півам і закускамі.

«Хулиган»

Культавы менскі бар, які адным зь першых зьявіўся на тусовачнай вуліцы Кастрычніцкай яшчэ ў 2013 годзе. Месца зачынілася ў лістападзе.

SeaFoodBar

Адзін з найлепшых рыбных рэстаранаў Менску месьціўся на Рэвалюцыйнай. Рэстаран адкрыўся ў 2019 годзе, яго высока ацанілі замежныя крытыкі. 1 лютага ўладальнікі абвясьцілі пра закрыцьцё.

Гэта далёка ня ўсе кавярні, якія зачыніліся пасьля пандэміі і падзеяў вакол выбараў, мы пералічылі толькі найбольш памятныя і вядомыя. Агулам такіх месцаў — дзясяткі.

Крамы нацыянальнай атрыбутыкі і адзеньня

Менск

Офлайнавых крамаў нацыянальнай атрыбутыкі ў Менску амаль не засталося. Праз праверкі і штрафы закрыліся крамы «Мой модны кут», symbal.by, LSTR Adzieńnie. Чатырох супрацоўнікаў крамы symbal.by пакаралі арыштамі.

Іншыя гарады

Праз праверкі, штрафы і візыты сілавікоў вымушаныя былі закрыцца крама «Князь Вітаўт» у Берасьці, этнакрама «Цудоўня» ў Горадні, «Цудоўная крама» ў Воршы, арт-паб «Торвальд» у Віцебску. У Менску і рэгіёнах фактычна не засталося крамаў з нацыянальнай атрыбутыкай.

Прадуктовыя крамы

12 лютага стала вядома пра затрыманьне гаспадара сеткі крамаў Green Генадзя Кірэйкава. Раней з крытыкай на «адну з гандлёвых кампаній» абрынуўся Лукашэнка. Пакуль Green усё яшчэ працуе.

Таксама жыхары Менску заўважылі, што ў крамах сеткі Bigzz апусьцелі паліцы. Сетка мае даўгі, але яна не банкрут. Цяпер, па інфармацыі СМІ, уладальнікі шукаюць пакупнікоў на свае крамы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG