Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два дні запар выводзілі з камэры слухаць Усебеларускі народны сход. Заснавальнік крамы «Мой модны кут» на волі


Крама «Мой модны кут»
Крама «Мой модны кут»

12 чалавек у камэры на чатырох, 20 сутак без матрасаў і коўдраў на мэталічных шконках, безь перадач і душа. Два дні «палітычныя» прымусова слухалі трансьляцыю Ўсебеларускага народнага сходу.

Пасьля 20 сутак арышту зь ЦІПу выйшаў заснавальнік крамы «Мой модны кут» Валер Есіпёнак.

Спачатку выпісалі штраф у 29 базавых велічыняў і нават дазволілі дзень папрацаваць

25 студзеня супрацоўнікі аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі РУУС Савецкага раёну Менску прыйшлі ў краму сувэніраў зь беларускай сымболікай «Мой модны кут», што месьцілася ў гандлёвым цэнтры «Маскоўска-Венскі». Як яны патлумачылі, не з палітычных прычын, а з праверкай: ці ёсьць сэртыфікаты якасьці на тавары. Аднак забралі фактычна ўвесь тавар: спакавалі ў скрыні і павезьлі, расказвае ўладальнік крамы Валер Есіпёнак.

Валер Есіпёнак
Валер Есіпёнак

«Усе неабходныя дакумэнты, сэртыфікаты, паперы ў нас ёсьць — на ўсе тавары. Звычайна ж на праверку бярэцца адна адзінка — цішотка ці байка, яе рэжуць, правяраюць якасьць. А тут забіраюць усё.

На наступны дзень мы паехалі ў інспэкцыю па падатках і зборах Савецкага раёну. Прычым заўвагі былі даволі дробныя: што на падлозе лінолеум, а ня плітка, што стойка разьмешчаная на адлегласьці 70 сантымэтраў ад сьценкі, а павінна быць на 1 мэтар», — пералічвае заўвагі выканаўцаў праверак Валер.

Прадпрымальніку выпісалі штраф — 29 базавых велічыняў (841 рубель). Дазволілі яшчэ дзень папрацаваць і параілі хутчэй выправіць заўвагі.

Валер Есіпёнак з жонкай Аленай вярнуліся ў краму, праўда, адчынілі яе крыху пазьней. У абед атрымалі званок з АБЭЗ, папрасілі прывезьці дамову з арандадаўцам. Валер паехаў адзін, Алена засталася працаваць.

«Выключыце тэлефон, ёсьць пару пытаньняў», — кажуць мне. Выключыў. Пытаюцца, я хачу ўдакладніць у Алены. Тэлефаную, а ў яе тэлефон недасяжны. Тэлефаную ў суседнюю краму, а мне кажуць, што Алену забралі. Я паляцеў хутчэй уладкоўваць дзяцей — калі мяне забяруць, каб сыны былі пад наглядам», — кажа Валеры.

Алену пратрымалі трое сутак і аштрафавалі на 30 базавых — нібыта за пікет

У Есіпёнкаў двое непаўналетніх дзяцей. На наступны дзень Валер паехаў аплачваць штраф. Атрымлівае званок: праз 15 хвілін, а 15-й гадзіне ў Алены ў судзе Савецкага раёну працэс. Ён пасьпеў тэрмінова знайсьці адваката.

«На судзе чытаюць пратакол: нібыта Алена на праспэкце Незалежнасьці каля праезнай часткі зладзіла пікет, махала рукамі. Але яна ж наагул не выходзіла з крамы — нават у прыбіральню. Кажу: „Паглядзіце відэазапісы з крамы, у нас паўсюль камэры, на трэцім паверсе таксама некалькі камэраў відэаназіраньня“. Карацей, пратакол адправілі на дапрацоўку. Перанесьлі суд на наступны дзень.

Раніцай 28-га прыходжу ў суд, а да мяне падыходзяць два чалавекі ў цывільным. Я папрасіў: „Давайце пасьля суду паразмаўляем“. „Не-не“, — адказваюць».

У выніку Алену Дзікавіцкую аштрафавалі на 30 базавых — бо ў яе малыя дзеці. Але больш за трое сутак утрымлівалі на Акрэсьціна, пакуль некалькі разоў перараблялі пратаколы: то яна ладзіла пікет на вуліцы, то пікет быў у краме.

«За 20 сутак праз маю „хату“ прайшлі 39 чалавек: айцішнікі, эканамісты, лекары»

Валера адвезьлі ў Савецкае РУУС, а потым на Акрэсьціна, асудзіўшы на 15 сутак таксама за пікет. За дзень да вызваленьня дадалі яшчэ 5 сутак — нібыта за непадпарадкаваньне. У суме адседзеў 20.

«Спачатку я трапіў у ІЧУ, а ў 3 гадзіны ночы кажуць: „З рэчамі на выхад“. І перавялі ў суседні будынак — Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў.

„Там 20 дзён я і адседзеў у адной камэры. Усіх астатніх саджалі на пару дзён да мяне, а потым этапавалі даседжваць тэрмін у Жодзіна. Уяўляеце, я ўвесь час на адным месцы, а за 20 дзён праз маю „хату“ прайшлі 39 чалавек!“ — расказвае Валер.

„Я так радаваўся, калі саджалі новенькіх!“ — згадвае ён. — Яны былі крыніцай інфармацыі, яны ведалі навіны і расказвалі, што адбываецца ў сьвеце і ў краіне. Бо самае страшнае выпрабаваньне — адсутнасьць інфармацыі.

А публіка была клясная: айцішнікі, эканамісты, два лекары — у асноўным маладыя людзі, цьвет нацыі. Прывезьлі хлопцаў зь пікету зь Міхалова, яны столькі навінаў расказалі!».

20 сутак безь перадач і душу

Што да ўмоваў утрыманьня, у «палітычных» яны былі больш жорсткія. Палітычным у душ «не паложана» — ні разу за 20 дзён адседкі не вадзілі. У 4-месцавай камэры часам утрымлівалася па 10–12 чалавек.

«Мы чулі, як „непалітычным“ давалі матрасы, мянялі бялізну. Калі я толькі засяліўся, у „хаце“ былі матрасы, але іх хуценька прыбралі. Было 3 ручнікі — але і тыя забралі.

Большую частку начэй я спаў на лаве. Потым на падлозе. Бо на мэталічных шконках без матрацаў спаць было немагчыма, ногі пастаянна правальваліся ў дзіры. Можа, калі цела грузнае, кілё пад 120, і была дублёнка, мажны чалавек і мог спаць, а з нармальным целаскладам — ну ніяк. Спачатку спрабавалі падкладаць кнігі, але іх было мала, штукі 4. А потым і кнігі забралі. Мы нават знайшлі станоўчае ў тым, што не было ні матрацаў, ні падушак з коўдрамі — хоць вошай дадому не прынясем», — Валер не губляе пачуцьця гумару.

12 лютага ў Валера павінен быць «дэмбэль» — сканчаўся тэрмін. Аднак напярэдадні яго завялі ў кабінэт і паказалі новы пратакол — маўляў, забыліся, што ён яшчэ пры затрыманьні не падпарадкоўваўся, аказаў супраціў.

«Дарэчы, усе пратаколы былі пераробленыя — па 3–4 разы. І ў Алены пратакол аказаўся перапісаны — яна ўжо не на вуліцы рукамі размахвала, а мы разам ладзілі пікет у краме.

У адным з пратаколаў, калі дадатковыя 5 сутак прысудзілі, было пазначана, што я не індывідуальны прадпрымальнік, а намесьнік дырэктара крамы „Сымбаль бай“. Павал Белавус павінен мне ўжо і заробак плаціць», — жартуе Валер Есіпёнак.

Прымушалі слухаць трансьляцыю Ўсебеларускага народнага сходу

Перадач у той час на Акрэсьціна не прымалі. Тое, што было з сабой у новых сядзельцаў, таксама адбіралі. Забралі сшыткі ў хлопцаў-айцішнікаў: яны нават не пасьпелі пагуляць у «марскі бой». Тройчы забіралі самаробныя шашкі, алоўкі. Знайшлі нават схаваную асадку і забралі.

З забаваў была толькі адна: цягам двух дзён слухалі трансьляцыю УНС, узгадвае спадар Есіпёнак.

«11 лютага раніцай прыходзяць па нас усіх у „хату“, вядуць на другі паверх у прасторнае памяшканьне, прымушаюць слухаць па радыё Ўсебеларускі народны сход. Пэрыядычна заглядае канваір: „Што вы тут разьлегліся, слухайце і падымайце сабе настрой!“ Мы канваіраў упікалі: „А што ж вы ня слухаеце?“ На другі дзень таксама павялі слухаць — мы хоць праходку зрабілі. Туды і абед нам прыносілі», — згадвае Валер.

Ціснуць і на арандадаўцу — пасадзілі на 25 сутак

Што да аднаўленьня працы крамы «Мой модны кут», давядзецца шукаць новае памяшканьне, бо на арандадаўцу гандлёвага цэнтру «Маскоўска-Венскі» ціснуць, кажа Валер Есіпёнак.

«Нашага арандадаўцу таксама затрымалі — ажно на 25 сутак. Спачатку далі за хуліганства 15 сутак: нібыта ён „крышыў мэблю“, хоць ён да яе і не дакранаўся. Ды яшчэ не падпарадкоўваўся — дадалі яшчэ 10 сутак. Ён цяпер сядзіць у Жодзіне. Калі да нас у ЦІП з Жодзіна перавялі аднаго сядзельца, дык ён перадаў мне „прывітаньне“: маўляў, на арандадаўцу „наехалі“ празь мяне.

Да таго ж ён сам азэрбайджанец, да яго яшчэ дачапіліся, што ў яго праблемы з працягам віду на жыхарства, і пагражаюць дэпартацыяй. Падазраю, што яму паставілі ўмову — скасаваць са мной дамову», — мяркуе Валер Есіпёнак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG