«Пракуратура лічыць, што ўсе страты „Менсктрансу“ прычыніў менавіта Пражэньнікаў»
Другое судовае паседжаньне пачалося з разгляду пазову «Менсктрансу», які палічыў, што менавіта Ігар Пражэньнікаў нанёс прадпрыемству шкоду ў памеры больш за 18 тысяч рублёў — падчас масавай акцыі на некаторы час быў спынены рух транспарту.
Юрысконсульт «Менсктрансу» Натальля Рыбак на пытаньне адваката, як рабіўся падлік стратаў, адказала, што яна ня ведае: гэтым займаўся аддзел перавозак і эканамічны аддзел. А згодна з «Актам аб спыненьні гарадзкога транспарту» ў разьлік ішла максымальная ўмяшчальнасьць транспарту, час прастою, кілямэтраж.
Адвакат пытаецца: якім тэрмінам можна назваць страты, якія нібыта панёс «Менсктранс»? Юрысконсульт ня можа адказаць. Адвакат спрабуе падказаць: «Гэта недаатрыманы прыбытак?»
«Вы мяне правакуеце на канкрэтны адказ. Пракуратура падала пазоў у інтарэсах прадпрыемства. Пракуратура лічыць, што ўсе страты „Менсктрансу“ прычыніў менавіта Пражэньнікаў. Віну вызначае пракуратура», — кажа юрысконсульт «Менсктрансу» Натальля Рыбак.
Адвакат запытваецца, ці выстаўляліся пазовы іншым людзям, бо Пражэньнікаў дзейнічаў у групе нявызначаных асобаў. І калі іншым удзельнікам будуць выстаўленыя такія ж сумы, гэта будзе неабгрунтаванае ўзбагачэньне.
Натальля Рыбак абараняецца: «Гэта ня мы выстаўлялі пазоў, гэта пракуратура».
Ігар Пражэньнікаў пазоў у 18 тысяч 624 рублі не прызнае.
«Гатовы прызнаць, што нанёс шкоду „Менсктрансу“ ў памеры 10 рублёў», — кажа хлопец.
«Актыўная роля Пражэньнікава пацьвярджаецца відэазапісамі»
Дзяржабвінаваўца падчас судовых спрэчак кажа, што віна Ігара Пражэньнікава цалкам даказаная: ён браў актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, аказаў непадпарадкаваньне прадстаўнікам улады, перашкаджаў руху транспарту.
«Актыўная роля Пражэньнікава пацьвярджаецца відэазапісамі — ён рухаўся па праезнай частцы, ішоў не ў сярэдзіне натоўпу, а заўсёды быў у першым шэрагу, вёў натоўп за сабой. Вінаватасьць Пражэньнікава цалкам пацьверджаная відэазапісамі з Акрэсьціна, калі ён наклейваў залепку на камэру», — кажа дзяржабвінаваўца.
Пракурор лічыць, што менавіта Пражэньнікаў павінен пакрыць пазоў «Менсктрансу» ў поўным аб’ёме.
І просіць прызначыць яму пакараньне: 1 год 6 месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.
«Мой падабаронны шчыра раскаяўся»
Адвакат разважае пра ўсплёск моладзевай актыўнасьці ў жніўні 2020 году. Кажа, што студэнцтва і моладзь — свабодалюбівыя людзі, якія хочуць сказаць сваё слова.
«Першыя 3 дні пасьля выбараў былі страшныя, потым людзі перасталі баяцца. Яны ладзілі „сьвяты непадпарадкаваньня“, выходзілі на вуліцы, махалі сьцягамі, крычалі.
Калі адбываюцца рэвалюцыйныя падзеі, маладыя людзі вельмі жыва рэагуюць, выходзяць пратэставаць. Іх менш за ўсё цікавіць закон», — разважае адвакат.
Адвакат просіць прызначыць пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову.
«Мой падабаронны законапаслухмяны, ён шчыра раскаяўся, даваў пасьлядоўныя і праўдзівыя паказаньні. Знаходжаньне ў ізалятары было дастатковым, каб Ігар усё ўсьвядоміў», — перакананы абаронца.
Што да патрабаваньняў «Менсктрансу», адвакат назваў разьлікі прадпрыемства сумнеўнымі: няма дэталізацыі, улічвалася максымальная загрузка транспарту, чаго не бывае ў выходны дзень.
«Пражэньнікаў перашкаджаў руху транспарту не адзін, а ў групавых дзеяньнях, у счэпцы зь іншымі нявызначанымі асобамі. Маёмасная шкода прычыненая групай асобаў, таму яны павінны несьці адказнасьць салідарна», — лічыць адвакат.
Ён прапануе перавесьці справу «Менсктрансу» ў асобную грамадзянскую вытворчасьць, а сьледчым органам вызначыць іншых асобаў, якія перашкаджалі руху транспарту.
«Калі скажу, што я паддаўся натоўпу — не саграшу»
У апошнім слове Ігар Пражэньнікаў сказаў, што на той момант у яго было імкненьне да лепшага жыцьця.
«Калі скажу, што я паддаўся натоўпу — не саграшу. Гэта быў юнацкі максымалізм. Я не апазыцыянэр, не рэвалюцыянэр, я не нясу ідэі ў масы.
За кратамі прыйшло асэнсаваньне, што я патрэбны толькі сваёй сям’і, маці. Віну цалкам прызнаю, шкадую пра тое, што зрабіў», — сказаў Ігар Пражэньнікаў у сваім апошнім слове.
Прысуд будзе абвешчаны ў судзе Фрунзэнскага раёну 17 лютага ў 12.30.