Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы раз штраф, потым крымінальная адказнасьць? Што ў праекце закону аб замежных агентах


Алег Гайдукевіч, лідэр ЛДПБ, выступае ў Палаце прадстаўнікоў.
Алег Гайдукевіч, лідэр ЛДПБ, выступае ў Палаце прадстаўнікоў.

У Беларусі распрацоўваецца законапраект аб замежных агентах, да якіх прапануюць прыраўноўваць прыватных асобаў і арганізацыі, якія атрымліваюць фінансаваньне на палітычную дзейнасьць з-за мяжы.

Ёсьць імавернасьць, што дэпутаты ня толькі разгледзяць законапраект ужо на вясеньняй сэсіі, якая адкрыецца 2 красавіка, але і прагаласуюць за яго прыняцьце.

У канцы мінулага году беларускія дэпутаты зьвярнуліся да расейскіх калег, каб тыя падзяліліся сваімі напрацоўкамі ў сфэры закону аб замежных агентах. Аднымі з ініцыятараў законапраекту былі старшыня Камісіі міжнародных спраў Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных і яго намесьнік Алег Гайдукевіч.


Алег Гайдукевіч расказаў Tut.by, што цяпер ужо актыўна ідзе распрацоўка законапраекту, у якой удзельнічаюць і сілавікі.

— Акрамя дэпутатаў, распрацоўкай законапраекту займаюцца і адпаведныя дзяржаўныя органы: Дзяржкантроль, сілавыя структуры — тыя, хто потым будзе датычны да выкананьня гэтага закону. Я спадзяюся і хачу, каб мы пасьпелі ўсё падрыхтаваць да вясновай сэсіі. Закон аб замежных агентах — гэта сусьветная практыка, я прыхільнік разьвіцьця краіны, але катэгарычна супраць любога ўмяшаньня, а асабліва фінансаваньня і атрыманьня любых грошай на палітычную дзейнасьць. Ні цэнта не павінна паступіць у краіну на гэтыя мэты, — заявіў Гайдукевіч.

— Вы лічыце, што сёньня ў Беларусі шмат арганізацый, якія атрымліваюць замежную фінансавую дапамогу на палітычную дзейнасьць?

— Я лічу, што хапае і прыватных асоб, і арганізацый. На жаль, я бачыў гэта на гэтых выбарах, што сюды палілася велізарная колькасьць грошай, і з усім гэтым трэба разьбірацца. І больш за тое, калі мы гэтага ня зробім, то мы кожныя выбары будзем гэта рабіць. Як можна канкураваць з тымі, хто атрымлівае сотні тысяч даляраў з-за мяжы? Гэта несумленная канкурэнцыя. Калі мы гаворым пра дэмакратыю, не павінна быць ніякага фінансаваньня з-за мяжы, ні капейкі. А ведаеце, калі я паверу [што ў Беларусі няма «иноагентов»]? Калі некаторыя лідэры нашай апазыцыі ўладкуюцца на працу. Як можна 20 гадоў не працаваць і жыць? Дворнікам, на завод, яшчэ кудысьці. Грамадзкі актывіст — гэта ня праца, такой прафэсіі не існуе, — лічыць Алег Гайдукевіч.

Дэпутат адзначыў, што законапраект ня будзе цалкам скапіяваны з прынятага ў Расеі пакету законаў аб замежных агентах, плянуецца ўзяць «добрае і ў Расеі, і ў ЗША, і ў Эўропы».

— У нас саюзная дзяржава, і мы можам узяць нейкія рэчы з расейскага заканадаўства і ўніфікаваць у нас, але з улікам нашай спэцыфікі, — адзначыў Гайдукевіч.

Закон не закране арганізацый, якія займаюцца дабрачыннай дзейнасьцю, а таксама тых, хто атрымліваў фінансаваньне да прыняцьця закону. Паводле дэпутата, закон у прынцыпе будзе накіраваны толькі на тых, хто атрымлівае замежнае фінансаваньне выключна на палітычную дзейнасьць.

— Галоўнае, каб грошы не ішлі на палітычныя пытаньні. Нельга, каб хто-небудзь уплываў на палітыку ў краіне, таму што любая партыя, любы палітык, любая арганізацыя, якая атрымлівае грошы на палітычную дзейнасьць, працуе ў інтарэсах толькі той краіны, якая дае грошы. Не бывае інакш, таму што нідзе ў сьвеце за Беларусь не хвалююцца, гэта ўсё казкі. Я прыхільнік таго, каб сюды не паступала ні капейкі грошай [на палітыку]. Для гэтага мы павінны прыняць адпаведныя законы, акрамя закона аб замежных агентах. А тыя, хто займаецца палітычнай дзейнасьцю (і будзе даказана судом, што ён атрымліваў грошы з-за мяжы), павінен ухіляцца ад выбараў, ухіляцца ад палітыкі — так ва ўсім сьвеце, — лічыць дэпутат.

Якая будзе адказнасьць для тых, каго прызнаюць замежным агентам, цяпер абмяркоўваецца. Паводле дэпутата, могуць даць штраф і забараніць займаць дзяржаўную пасаду. Аднак сярод распрацоўшчыкаў ёсьць думка, што за паўторнае парушэньне закону могуць увесьці і крымінальную адказнасьць.

У 2012 годзе прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў закон аб некамэрцыйных арганізацыях — замежных агентах. Згодна з дакумэнтам, расейская некамэрцыйная арганізацыя, якая атрымлівае фінансаваньне з-за мяжы і якая ўдзельнічае пры гэтым у палітычнай дзейнасьці, атрымлівала статус «замежны агент» і падпадала пад значна больш жорсткі фінансавы і іншы кантроль з боку дзяржавы. За невыкананьне патрабаваньняў закону прадугледжана крымінальная адказнасьць. З 2017 году «замежнымі агентамі» могуць прызнаваць СМІ, з 2018-га — НКА, якія атрымліваюць грошы ад замежных структур і ад расейскіх юрыдычных асоб з замежнымі крыніцамі фінансаваньня.

Летась сьпіс замежных агентаў пашырылі: Уладзімір Пуцін падпісаў закон, які дапускае прысваеньне статусу замежнага агента фізычным асобам і арганізацыям, не зарэгістраваным у якасьці юрыдычных асоб.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG