Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвінаваўца просіць 2 гады калёніі для валянтэра штабу Бабарыкі


Лявон Халатран на судзе, 9 лютага
Лявон Халатран на судзе, 9 лютага

Дзяржаўны абвінаваўца просіць 2 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову закрытага тыпу для Лявона Халатрана — валянтэра штабу Віктара Бабарыкі. На працэсе над Халатранам, які праходзіць у Фрунзэнскім раённым судзе Менску, адбыліся спрэчкі бакоў.

«Добра ведаў, што адбываецца»

Пракурор Павал Папкоў назваў даказанай віну Лявона Халатрана ў «арганізацыі альбо падрыхтоўцы групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» — паводле 1 часткі 342 артыкула Крымінальнага кодэксу. Паводле абвінаваўцы, у ноч з 9 на 10 жніўня Халатран удзельнічаў у беспарадках на вуліцы Максіма Багдановіча і праспэкце Машэрава, выкрыкваў лёзунгі, пляскаў у далоні. Пракурор мяркуе, што Лявон Халатран, выходзячы са штабу Віктара Бабарыкі (па адрасе вуліца Веры Харужай, 25), добра ведаў пра беспарадкі побач і сьвядома браў у іх удзел — «далучыўся да натоўпу, што садзейнічала блякаваньню дарогі». У якасьці доказу пракурор спаслаўся на здымак, які знайшлі ў мабільным тэлефоне маркі Apple, які належыць Халатрану.

Таксама, паводле абвінаваўцы, валянтэр штабу Бабарыкі Лявон Халатран заклікаў да беспарадкаў. Тут у якасьці доказаў пракурор Папкоў спаслаўся на тэлефонныя размовы, у тым ліку размовы Халатрана з Антонам Бяленскім, які, як лічыць сьледзтва, быў адным з удзельнікаў вулічных беспарадкаў 9 і 10 жніўня. Па вэрсіі сьледзтва, якую падзяляе пракурор, Лявон Халатран размаўляў зь Бяленскім са штабу, даваў парады і «кіраваў дзеяньнямі» пратэстоўцаў.

Чаму няма сьведак нібыта беспарадкаў?

Адвакат Уладзімер Пыльчанка прасіў суд апраўдаць Лявона Халатрана, бо лічыць ягоную віну недаказанай і ўвогуле адмаўляе факт вулічных беспарадкаў у месцы, якое пазначыла сьледзтва — у раёне скрыжаваньня праспэкту Машэрава і вуліцы Багдановіча. Паводле абаронцы, у справе няма сьведчаньняў пра тое, што з позьняга вечара 9 жніўня і ў першыя дзьве гадзіны 10 жніўня там адбываліся беспарадкі. Няма рапартаў супрацоўнікаў міліцыі пра папярэджваньне людзей аб адказнасьці за ўдзел у блякаваньні дарогі ці іншых беспарадках.

«Рух транспарту на час, які вывучае суд, быў спынены, але прычына сьледзтвам так і ня вызначаная», — даводзіў суду адвакат Пыльчанка. Што да нібыта ўдзелу Лявона Халатрана ў беспарадках, то, паводле абаронцы, доказаў гэтаму не сабрана ніякіх, а фатаздымак у тэлефоне падсуднага — агульны, не прывязаны да пэўнага месца і быў спампаваны з інтэрнэту, мяркуе абаронца.

«Выходзіў са штабу на 25 хвілін»

Паводле Лявона Халатрана, са штабу ён выходзіў на 25 хвілін, «каб прагуляцца», і вярнуўся ў штаб а 2 гадзіне ночы. Сьледзтва мяркуе, што за гэты час валянтэр удзельнічаў у перакрыцьці дарогі, з прычыны чаго спыніўся транспарт і на прылеглых вуліцах. Але дагэтуль суму стратаў не называлі.

16 лютага «Менсктранс» агучыў страты, нібыта нанесеныя асабіста Лявонам Халатранам. Гэта 6126 рублёў. Усяго, паводле «Менсктрансу», арганізацыя падчас падзеяў 9–10 жніўня панесла стратаў на 115 тысяч рублёў. Але гэта ў розных месцах гораду, уключна з праспэктамі Незалежнасьці і Пераможцаў.

Абаронца прасіў прадстаўніцу «Менсктрансу» абгрунтаваць пазоў да Лявона Халатрана, які, паводле сьледзтва, нібыта выходзіў толькі на праспэкт Машэрава. Аднак жанчына сказала, што мэтодыкай падлікаў не валодае. Суд спытаў, ці магчыма выклікаць на працэс адмыслоўца, які зможа даць абгрунтаваньне і публічна пералічыць суму пазову, каб ні ў кога не засталося сумневу ў аб’ектыўнасьці. Але і гэта, як выявілася, немагчыма.

«Такі чалавек якраз цяпер у судзе», — адказала прадстаўніца «Менсктрансу».

Пазоў транспартнікаў да сябе Лявон Халатран таксама не прызнае.

З апошнім словам валянтэр выступіць 17 лютага. Да гэтага Лявон Халатран віны не прызнаваў. Абарона не выключае, што пасьля гэтага будзе абвешчаны прысуд.

Жонку Халатрана выдалілі з залі суду

Паседжаньне 16 лютага адзначылася інцыдэнтам з удзелам жонкі Лявона Халатрана Яны Смалягі. Пракурор у якасьці рэчавага доказу дэманстраваў мабільны тэлефон, на што Смаляга гучна сказала, што ён мужу не належаў. Яе адразу выдалілі з залі. Лявон Халатран таксама настойвае, што ня мае дачыненьня да двух тэлефонаў, якія фігуруюць у справе як ягоная маёмасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG