Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя Парашэнкі вылучыла фігурантку справы аб забойстве Шарамета кандыдаткай на давыбарах у Вярхоўную Раду


Юлія Кузьменка
Юлія Кузьменка

Партыя «Эўрапейская салідарнасьць», лідэр якой — былы прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, вылучыла кандыдаткай на давыбарах у Вярхоўную Раду ў акрузе № 50 у Данецкай вобласьці Юлію Кузьменку, якая праходзіць падазраванай па справе аб забойстве журналіста Паўла Шарамета

«Добра разумеючы, што менавіта цяпер неабходна выступіць адзіным фронтам ня толькі палітыкам, але і валянтэрскім і іншым грамадзкім арганізацыям, я прыняла рашэньне балятавацца ў Вярхоўную Раду», — цытуе Кузьменку прэсавая служба партыі.

Паводле «Эўрапейскай салідарнасьці» рашэньне вылучыць Кузьменку прыняў зьезд партыі «ў адказ на шматлікія звароты вэтэранскіх і валянтэрскіх грамадзкіх арганізацый».

«Ва ўсіх гэтых зваротах да партыі гучыць адна думка, просьба, патрабаваньне, заклік: падтрымаць на давыбарах у Вярхоўную Раду па 50-й выбарчай акрузе вядомага ва Ўкраіне валянтэра, дзіцячага мэдыка Юлію Кузьменку, якую цяпер бяздоказна і несправядліва перасьледуе ўлада, — падкрэсьліла народная дэпутатка, мэдык-добраахвотніца Яна Зінкевіч. — У асобе Юліі мы падтрымліваем усіх несправядліва перасьледаваных ва Ўкраіне патрыётаў, валянтэраў, вэтэранаў і ўдзельнікаў Майдану».

Павал Шарамет быў забіты 20 ліпеня 2016 году ў цэнтры Кіева: яго аўтамабіль узарвалі невядомыя. Яго забойства — адна з самых гучных крымінальных спраў у гісторыі сучаснай Украіны. Абставіны гэтага злачынства ня высьветленыя, нягледзячы на тое, што год таму Міністэрства ўнутраных спраў Украіны правяло прэсавую канфэрэнцыю, на якой абвясьціла аб затрыманьні меркаваных злачынцаў: Андрэя Антоненкі і Юліі Кузьменкі.

Антоненка ўжо год у сьледчым ізалятары, Кузьменку некалькі месяцаў таму суд вызваліў пад хатні арышт. За гэты год, сьцьвярджаюць адвакаты абвінавачаных, істотных доказаў датычнасьці Антоненкі і Кузьменкі да забойства журналіста сьледзтва так і не прадставіла.

У студзені 2021 году быў апублікаваны аўдыёзапіс, на якім меркаваныя супрацоўнікі спэцслужбаў Беларусі абмяркоўваюць забойства палітычных апанэнтаў Лукашэнкі ў іншых краінах, у тым ліку журналіста Паўла Шарамета.

Запіс быў, як мяркуецца, зроблены ў кабінэце кіраўніка КДБ Беларусі ў 2012 годзе падчас нарады пра пачатак працы сакрэтнага сёмага аддзелу антытэрарыстычнага падразьдзяленьня «Альфа». Зь яго вынікае, што для забойства Шарамета плянавалі выкарыстаць выбухоўку.

«Любая ліквідацыя павінна выглядаць максымальна натуральнай, каб ня ўзьнікла ні найменшых сумневаў», — кажа на запісе чалавек, якога называюць кіраўніком КДБ Беларусі. Ён, як сьцьвярджаюць сьледчыя, падчас сустрэчы гаворыць, што задачу па арганізацыі палітычных забойстваў паставіў перад КДБ асабіста Лукашэнка і «выдзеліў на гэтыя патрэбы 1,5 мільёна даляраў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG