Міністар унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў заявіў, што сьледзтва мае доказы, каб давесьці ў судзе датычнасьць усіх трох падазраваных да забойства беларускага журналіста Паўла Шарамета.
«Сьледзтва мяркуе, што мае вычарпальны набор аргумэнтаў. Падазраваныя адмовіліся ад дачы паказаньняў, ад удзелу ў сьледчых экспэрымэнтах і ад праверкі на паліграфе, — заявіў Арсэн Авакаў 5 чэрвеня ў парлямэнце Ўкраіны. — Сьледзтва перадало ўсе матэрыялы ў суд, і ў спаборным працэсе суд мусіць устанавіць праўду. Кожны падазраваны мае права на абарону, і суд павінен вынесьці рашэньне, улічыўшы ўсю сыстэму аргумэнтаў абвінавачаньня і абароны».
Паводле яго, у справе налічваецца больш як 200 тамоў матэрыялаў, 38 зь якіх зьмяшчаюць доказы датычнасьці да злачынства Андрэя Антоненкі, Юліі Кузьменкі і Яны Дугар.
Усе дакумэнты перадалі на азнаямленьне адвакатам і падазраваным:
«Ня трэба палітычна зараз спэкуляваць на гэтай тэме. Расьсьледаваньне гэтай справы вельмі сур’ёзнае, і ніяк не зьвязана з пэрсаналіямі, кар’ерай — маёй ці іншых чыноўнікаў або паліцыянтаў. Я не магу больш дэталёва гаварыць пра дэталі справы. Але гэты эпізод пра трох падазраваных цяпер вылучаны ў асобную справу і перададзены ў суд».
Арсэн Авакаў падрэсьліў, што расьсьледаваньне справы будзе працягвацца:
«У іншых эпізодах справы — аб заказчыках, арганізатарах і мэханізмах выкананьня іншымі саўдзельнікамі — расьсьледаваньне працягваецца. Магчыма, яно можа быць дапоўнена новымі фактамі, і гэтыя факты стануць вядомыя грамадзтву. Мы бяром да ўвагі ўсе вэрсіі, якія ёсьць, у тым ліку не кансьпіралягічныя, якія цяпер зьяўляюцца ў прасторы пры ўдзеле некаторых рэзанансных пэрсанажаў. Справа мусіць працягвацца, незалежна ад палітычных спэкуляцый».
Справаздача Арсэна Авакава ў Вярхоўнай Радзе адбывалася на тле акцыі пратэсту, удзельнікі якой патрабавалі ягонай адстаўкі з пасады міністра ўнутраных спраў. Галоўныя прэтэнзіі былі зьвязаныя зь неаб’ектыўнасьцю расьсьледаваньня ў справе Шарамета, а таксама з шэрагам рэзанансных падзей, да якіх былі датычныя паліцыянты — перастрэлка ў Браварах, згвалтаваньне паліцыянтамі затрыманай у Кагарлыку і іншыя.
Што папярэднічала
Выканаўчы дырэктар «Українськой правды», вядоўца радыёстанцыі «Вести» Павал Шарамет загінуў раніцай 20 ліпеня 2016 году ад выбуху машыны ў цэнтры Кіева.
Імёны падазраваных у арганізацыі і забойстве беларускага журналіста назвалі 12 сьнежня 2019 году. На брыфінг, арганізаваны Нацыянальнай паліцыяй Украіны, былі запрошаныя прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі, міністар унутраных спраў Арсэн Авакаў і тагачасны генэральны пракурор Руслан Рабашапка, што выклікала моцную крытыку з боку экспэртаў і СМІ.
На наступны дзень пасьля брыфінгу ўсе трое падазраваных былі затрыманыя — вайсковец сіл спэцапэрацый Андрэй Антоненка як арганізатар, валянтэрка і дзіцячы кардыяхірург Юлія Кузьменка як выканаўца і вайсковая мэдсястра Яна Дугар як памагатая.
22 траўня стала вядома, што сьледзтва перагледзела ролю дваіх падазраваных у забойстве Паўла Шарамета. У прыватнасьці, Андрэй Антоненка ўжо ня лічыцца арганізатарам гэтага злачынства. Паводле сьледчых, Юлія Кузьменка заклала выбуховую прыладу пад аўтамабіль, хоць раней яна падазравалася яшчэ і ў выкананьні забойства. Роля Яны Дугар засталася такой, як і раней — яна нібыта зьбірала інфармацыю пра графік перамяшчэньня Паўла Шарамета і фіксавала месцы разьмяшчэньня камэраў вонкавага назіраньня паблізу і на месцы злачынства.
У новым тэксьце падазрэньня зьмянілі і матывы іхнага злачынства — цяпер ужо не акцэнтуюць на захапленьні «ультранацыяналістычнымі ідэямі» і «культываваньні велічнасьці арыйскай расы».
Апроч таго, усім траім дадаткова інкрымінуюць незаконны выраб выбухоўкі і зьнішчэньне маёмасьці (аўтамабіля).
Сьледчыя абвясьцілі аб завяршэньні дасудовага расьсьледаваньня справы і перадалі яе матэрыялы на азнаямленьне падазраваным і іхным адвакатам. Пасьля гэтага справа будзе перададзеная ў суд. У той жа час паліцыя паведаміла, што расьсьледаваньне забойства Паўла Шарамета на гэтым не завершана і будзе працягвацца, каб знайсьці іншых удзельнікаў злачынства і яго заказчыкаў.