Дванаццаці чалавекам — большасьці завочна — ставілася ў віну адразу 11 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку «акт тэрарызму» (ч. 3 арт. 289 КК) і «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК). Іх абвінавацілі ва ўчыненьні ў лютым 2023 году дывэрсіі ў Мачулішчах, падчас якой быў пашкоджаны расейскі самалёт А-50.
3 кастрычніка судзьдзя Валянціна Зянькевіч вынесла прысуд у справе — ад двух гадоў трох месяцаў да 25 гадоў калёніі. Грамадзяніна Ўкраіны Мікалая Швеца завочна асудзілі на 25 гадоў калёніі.
Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Раніцай 26 лютага 2023 году на аэрадроме Мачулішчы адбыліся выбухі каля расейскага самалёта далёкай выведкі ДРЛВ А-50, ён быў падарваны ў двух месцах. Самалёт выкарыстоўвалі для навядзеньня расейскіх ракет на цэлі ва Ўкраіне.
Галоўны фігурант справы і, як сьцьвярджалі афіцыйныя органы й прапагандысты, выканаўца дывэрсіі Мікалай Швец быў вызвалены ў чэрвені сёлета ў абмене з Украінай. Але яго ўсё роўна судзілі. Таксама ў справе праходзілі Максім Лапацін, Андрэй Сьцяпурка, Алег Сычоў і ягоная жонка Анастасія Пілько, а таксама Дзяніс Сакалоў.
Паводле прапагандысцкага фільму АНТ, усе яны былі памагатымі ў справе, але дакладна ня ведалі, хто такі Швец і ў чым менавіта яму трэба дапамога. Так, Максім Лапацін падвёз Швеца з Століна на Лагойскую трасу, Андрэй Сьцяпурка дапамог знайсьці яму кватэру пад Менскам, Алег Сычоў і Наста Пілько здалі яму тую самую кватэру. А Дзяніс Сакалоў, які выявіўся прыяцелем сына Ірыны Абельскай і меркаваным даносчыкам, як піша «Наша Ніва», быццам бы дапамог даставіць дрон і знайсьці працу для Мікалая Швеца.
Завочна судзілі Мікалая Швеца, Аляксандра Азарава, Алу Яцуту, Віталя Якуціка, Яўгенію Тачыцкую, Міхаіла Дзёміна і Сяргея Лапарова.
4 кастрычніка Генэральная пракуратура расказала падрабязнасьці.
Паводле ведамства, Мікалая Швеца, Аляксандра Азарава, Віталя Якуціка, Міхаіла Дзёміна абвінавацілі ў «акце тэрарызму» і «наўмысным прывядзеньні ў непрыдатнасьць сродку паветранага транспарту» (ч. 3 арт. 289, ч. 4 арт. 309 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь). Апроч гэтага, Азарава, Дзёміна, Якуціка, Сакалова, Тачыцкую, Лапарова і Лапаціна — у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК), а Швеца, Яцуту і Сычова — у «агентурнай дзейнасьці» (арт. 358-1 КК). Таксама Швеца абвінавацілі ў «праходжаньні навучаньня і іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасьці» і «незаконным абарачэньні выбуховых рэчываў і выбуховых прыладаў» (ч. 4 арт. 295, арт. 290-3 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь).
Якуціка, Сакалова, Сьцяпурку, Пілько, Лапаціна, Тачыцкую, Лапарова і Сычова прызналі вінаватымі у «фінансаваньні тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 290-1, арт. 361-2 КК), «удзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні» (ч. 3 арт. 361-1 КК), а таксама ў «актыўным удзеле ў дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК).
Форум