Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны рэдактар «​​УП»: Мы ніколі не выключалі датычнасьці беларускіх і расейскіх спэцслужбаў да забойства Шарамета


Інтэрнэт-выданьне «Українська правда», дзе перад сьмерцю ў 2016 годзе працаваў Павал Шарамет, ніколі не выключала магчымай датычнасьці беларускіх і расейскіх спэцслужбаў да ягонага забойства, заявіла галоўная рэдактарка ​​газэты Сэўгіль Мусаева.

Камэнтуючы тэлеканалу «Настоящее время» публікацыю матэрыялаў аб магчымай датычнасьці беларускіх уладаў і спэцслужбаў да гэтага забойства, яна сказала:

«Мы ня можам казаць пра сапраўднасьць і фальшывасьць аўдыёзапісу. Я хацела б зьвярнуць вашу ўвагу на даклад аб назіраньні за Паўлам Шараметам, які быў апублікаваны ў той жа публікацыі ў эўрапейскім выданьні. І мы, вядома, вывучылі гэты даклад. І ў справаздачы ёсьць шмат фактаў, якія сапраўды адпавядаюць рэчаіснасьці — пра падарожжы Паўла, пра тое, на якой машыне ён езьдзіў, дзе жыў, а таксама пра ягоныя кантакты, пра некаторых членаў яго сям’і. Гэта значыць, у нас ёсьць падставы меркаваць, што справаздача — цалкам рэальны дакумэнт, улічваючы яго спэцыфіку і дадзеныя, якія ў ім утрымліваюцца. Мы паспрабуем знайсьці нейкае пацьверджаньне, што гэта сапраўдны альбо, магчыма, не зусім сапраўдны запіс».

Сэўгіль Мусаева таксама падкрэсьліла: «Мы ў рэдакцыі „Ўкраінскай праўды“ ніколі не адкідалі вэрсію аб магчымай датычнасьці беларускіх спэцслужбаў да забойства нашага калегі, а таксама расейскіх спэцслужбаў. Паколькі Павал быў журналістам, які працаваў таксама ў Беларусі, працаваў у Расеі, працаваў ва Ўкраіне, ён быў вядомы сваёй крытыкай, у тым ліку крытыкай рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Акрамя таго, я, напэўна, хацела б сказаць тут, што Аляксандар Лукашэнка калісьці пазбавіў Паўла Шарамета грамадзянства».

4 студзеня эўрапейскае інтэрнэт-выданьне EUObserver апублікавала верагодны, але непацьверджаны запіс меркаванай размовы 2012 году тагачаснага старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Вадзіма Зайцава з супрацоўнікамі, якім даручалася ліквідацыя праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі за межамі Беларусі. У запісе згадваўся Павал Шарамет, які ў той час жыў і працаваў у Расеі. У прыватнасьці, прапаноўвалася падарваць яго.

У 2016 годзе Шарамет, які на той момант ужо жыў і працаваў ва Ўкраіне ў інтэрнэт-выданьні «Українська правда», загінуў ад выбуху аўтамабіля, у якім ён ехаў.

У канцы 2019 году расьсьледаваньне забойства Паўла Шарамета абвясьціла, што ў датычнасьці да злачынства падазрае сяржанта сіл спэцыяльных апэрацый Украіны Андрэя Антоненку (пазыўны Рыфмастэр), вайсковага ўрача Яну Дугар і дзіцячага кардыяхірурга і валянтэрку Юлію Кузьменку. Іх абарона адмаўляе ўсе абвінавачаньні і адзначае шматлікія разыходжаньні ў расьсьледаваньні, а іх прыхільнікі і шырокае кола добраахвотнікаў лічаць абвінавачваньні недаказанымі і сфальсыфікаванымі.

Пасьля апублікаваньня матэрыялаў пра «беларускую вэрсію» 4 студзеня Нацыянальная паліцыя Ўкраіны паведаміла, што сьледзтва атрымала гэтую інфармацыю ў сьнежні, і яна «ўяўляе цікавасьць з пункту гледжаньня ідэнтыфікацыі выканаўцаў злачынства». А ў Міністэрстве ўнутраных спраў у той жа дзень заявілі, што гэтыя матэрыялы нібыта пацьвярджаюць вэрсію расьсьледаваньня і ніякім чынам не паўплываюць на абвінавачваньні супраць Антоненкі, Дугар і Кузьменкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG