Пра гэта піша ВВС.
Мэланія Трамп апублікавала кароткі відэакліп, у якім, апавядаючы пра сваю новую кнігу мэмуараў, заявіла: «Калі ідзецца пра індывідуальную свабоду — фундамэнтальнае права, якое маюць усе жанчыны з нараджэньня, ня можа быць ніякіх кампрамісаў».
Ролік зьявіўся назаўтра пасьля публікацыі ў брытанскай газэце Guardian вытрымак зь яе мэмуараў пад назвай «Мэланія», якія выходзяць у сьвет 8 кастрычніка. У гэтай кнізе Мэланія Трамп яшчэ больш упэўнена падтрымлівае права жанчын на аборты.
«Неймаверна важна гарантаваць жанчынам права самастойна прымаць рашэньні аб сваіх прыярытэтах у тым, ці заводзіць ім дзяцей, — піша Мэланія. — Пры гэтым яны павінны кіравацца сваімі ўласнымі перакананьнямі і не залежаць ад якога-небудзь умяшаньня або ціску ўладаў».
«Чаму нехта іншы, а не сама жанчына, можа вырашаць, што ёй рабіць з сваім уласным целам? Фундамэнтальнае права жанчыны на індывідуальную свабоду, на сваё ўласнае жыцьцё гарантуе ёй права перарываць цяжарнасьць, калі яна таго жадае», — працягвае Мэланія Трамп.
«Абмяжоўваць права жанчын на выбар у пытаньні, ці перарываць непажаданую цяжарнасьць, — тое ж самае, што адмаўляць ёй у кантролі над уласным целам. Я пранесла гэтыя перакананьні праз усё сваё сьвядомае жыцьцё», — піша Трампава жонка ў мэмуарах.
Скасаваньне фэдэральнага права на аборты
Дональд Трамп яшчэ падчас кампаніі выбараў прэзыдэнта ЗША 2016 году абяцаў прывесьці ў Вярхоўны суд ЗША сваіх прызначэнцаў, каб скасаваць фэдэральны дазвол на аборты.
Ён выканаў абяцаньне — і ў 2022 годзе Вярхоўны суд скасаваў сваё гістарычнае рашэньне 1973 году ў справе «Роў супраць Уэйда». Рашэньнем пастанаўлялася, што права на недатыкальнасьць прыватнага жыцьця адпаведна Канстытуцыі ЗША абараняе магчымасьць жанчыны перапыніць цяжарнасьць.
Пасьля рашэньня Вярхоўнага суду 2022 году права жанчын на аборты сталі рэгуляваць асобныя штаты ЗША — і некаторыя зь іх фактычна забаранілі перапыненьне цяжарнасьці ў большасьці выпадкаў.
Падчас перадвыбарнай кампаніі 2024 году права на аборты стала адным з найважнейшых пытаньняў. Многія жанчыны ў ЗША асьцерагаюцца, што ў разе перамогі Трамп пойдзе на новыя абмежаваньні — і гэта не падабаецца нават значнай частцы прыхільнікаў Рэспубліканскай партыі.
Цягам кампаніі Трамп па-рознаму камэнтаваў праблему права на аборты, але на гэтым тыдні ўпершыню паабяцаў накласьці вэта на закон аб фэдэральнай забароне абортаў, калі яго прыме Кангрэс (імавернасьць такога разьвіцьця падзеяў, аднак, вельмі невялікая).
Форум