Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошні дзень рэгістрацыі на альтэрнатыўны «Сход». На 328 месцаў прэтэндуюць звыш 400 кандыдатаў


Уладзімер Мацкевіч і Андрэй Дзьмітрыеў выставілі свае кандыдатуры на альтэрнатыўны «Сход».
Уладзімер Мацкевіч і Андрэй Дзьмітрыеў выставілі свае кандыдатуры на альтэрнатыўны «Сход».

4 лютага завяршаецца рэгістрацыя вылучэнцаў на онлайн-плятформе «Сход» якая паўстала ў адказ на намер уладаў склікаць 11–12 лютага Ўсебеларускі народны сход.

Сутнасьць ініцыятывы — даць магчымасьць грамадзянам Беларусі выбраць прадстаўнікоў для абароны сваіх інтарэсаў. Агулам па ўсёй краіне такіх павінна набрацца 328 чалавек, каб на мясцовым узроўні весьці паўнавартасны дыялёг з уладамі.

Ініцыятары падкрэсьліваюць, што ні да якай палітычнай сілы не належаць. Таксама сьцьвярджаюць, што не зьбіраюцца замяняць сабой органы ўлады, а толькі шукаюць людзей, здольных размаўляць і дамаўляцца з рознаўзроўневымі чыноўнікамі.

Прыём заявак на лічбавай плятформе адкрыты да 4 лютага. Для гэтага неабходна запоўніць анкету і запісаць відэазварот зь пералікам праблемных момантаў для пэўнага рэгіёну, якія народны прадстаўнік зьбіраецца вырашаць. У наступныя тры дні можна будзе прагаласаваць за прэтэндэнта, які спадабаўся найбольш, праз вайбэр ці тэлеграм з уключанай геалякацыяй.

На гэты момант зарэгістраваліся больш за паўтары сотні чалавек, сярод іх такія вядомыя асобы, як дыплямат Ігар Ляшчэня, палітоляг Уладзімер Мацкевіч, аналітык Андрэй Ягораў, сустаршыня «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў, адзін з кіраўнікоў БХД Дзяніс Садоўскі, былы старшы віцэ-прэзыдэнт кампаніі EPAM Systems Максім Баграцоў, бізнэсовец Валеры Астрынскі, грамадзкія актывісты Ўладзімер Шанцаў, Ільля Дабратвор, Хрыстафор Жаляпаў, Андрэй Комлік-Ямацін ды іншыя.

Яшчэ 250 з 200 акруг у працэсе рэгістрацыі. Такім чынам, узьнік конкурс. Фінальны сьпіс абнародуюць 8 лютага.

Чаму стаіць задача выбраць менавіта 328 вылучэнцаў? Гэта колькасьць дэлегатаў, сфармаваная паводле формулы «1 дэлегат на 30 000 жыхароў, але ня менш як адзін на раён», тлумачыцца на плятформе. Пры неабходнасьці лічба можа быць павялічаная праз уключэньне ў «Сход» кандыдатаў, якія занялі другія і трэція месцы ў галасаваньні.

Кандыдаты ў дэлегаты ад грамадзянскіх ініцыятыў менскага Ўручча запісалі сумесны відэазварот, чаму яны вырашылі ўдзельнічаць у ініцыятыве «Сход: плятформа народных прадстаўнікоў». Галоўны пасыл — не маўчаць, працягваць змагацца за свае правы і дзяліцца ідэямі для абмеркаваньня на онлайн-пляцоўцы.

А што калі ўлады і гэтым разам адмовяцца размаўляць з апанэнтамі, спаслаўшыся на чарговы «неканстытуцыйны праект», абвінаваціўшы ўдзельнікаў «Сходу» у спробе «захопу ўлады»? Вось што на гэта адказваюць самі ініцыятары.

«Тады, як мінімум, у нас будзе працоўны інструмэнт, які дазволіць беларусам выбіраць сваіх прадстаўнікоў для любых народных сходаў і выказваць грамадзкую думку аб любых пытаньнях. Мы спадзяёмся, што прадстаўнікі дзейных органаў улады таксама будуць вылучаць свае кандыдатуры ў якасьці дэлегатаў, каб заручыцца падтрымкай: плятформа „Сход“ адкрытая для ўсіх беларусаў»,— гаворыцца на сайце ініцыятывы.

Канстытуцыя і рэфэрэндум, выхад з палітычнага і эканамічнага крызісу, пазыцыя людзей па мінулых прэзыдэнцкіх выбарах, а таксама пытаньні, зьвязаныя з ужываньнем гвалту і палітвязьнямі — менавіта гэта хвалюе большасьць беларусаў сёньня, адзначаецца на плятформе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG