Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская падтрымала лічбавую «народную» альтэрнатыву афіцыйнаму Ўсебеларускаму сходу


Скрыншот з сайту плятформы «Сход»
Скрыншот з сайту плятформы «Сход»

Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што народным адказам на Ўсебеларускі сход стала плятформа «Сход» — гэта інструмэнт прамой дэмакратыі, які дазволіць беларусам прымаць рашэньні і прапаноўваць ідэі для новай Беларусі.

«Цяпер рэжым запускае свой таемны сход, які называе «ўсебеларускім» і «народным», хоць там няма ні аднаго рэальнага, абранага дэлегата. Ён спадзяецца, што беларусы дазволяць яму гэты спэктакль са зьнішчэньнем Канстытуцыі, — гаворыцца ў камэнтары Ціханоўскай у яе тэлеграм-канале. — Але беларусы ўжо не дадуць сябе падмануць — яны самі стварылі новы інструмэнт прамой дэмакратыі: плятформу «Сход».

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Як лічыць Ціханоўская, «гэта пляцоўка, на якой кожны беларус можа выбраць свайго дэлегата або стаць такім дэлегатам, калі выберуць яго».

«Пасьля падачы заяў і галасаваньня па ўсёй краіне зьявіцца як мінімум 328 новых лідэраў. Гэта будуць раённыя актывісты, працаўнікі заводаў і прадстаўнікі партый, лекары, студэнты, пэнсіянэры і іх дарослыя ўнукі, чыноўнікі і бізнэсоўцы — людзі, якія валодаюць рэальнай, а не сфальсыфікаванай падтрымкай народа. А значыць яны будуць мець права прымаць рашэньні і прапаноўваць ідэі для новай Беларусі, у якой мы ўсе хочам жыць», — гаворыцца ў каментары палітыка.

Што такое плятформа «Сход»

Лічбавая платформа «Сход» прадугледжвае выбары дэлегатаў, якія змогуць прадстаўляць народ у нацыянальным дыялёгу з уладамі, піша Белапан.

Як паведаміла каманда праекта, любы грамадзянін краіны можа выбраць прадстаўніка сваіх інтарэсаў ці сам стаць дэлегатам. Плятформа «цалкам незалежная ад любых палітычных штабоў» і адкрытая для беларусаў «з любымі палітычнымі поглядамі».

  • Паводле задумкі праекта, уся краіна разьбітая на віртуальныя ўчасткі, якія адпавядаюць адміністрацыйнаму падзелу Беларусі. Кандыдаты могуць вылучацца ад кожнага ўчастка. У выпадку абраньня кандыдаты будуць прадстаўляць інтарэсы тых, хто за іх прагаласуе.
  • Для вылучэньня трэба запоўніць анкету і загрузіць відэазварот, у якім выказаць сваю пазыцыю па тых ці іншых пытаньнях.
  • Выбаршчыкі галасуюць з дапамогай чат-бота ў Telegram або Viber. Удзельнічаць у галасаваньні могуць толькі карыстальнікі з беларускімі тэлефоннымі нумарамі.
  • Збор заявак ад дэлегатаў будзе праходзіць да 28 студзеня, галасаваньне — 29–31 студзеня. З 1 па 3 лютага будуць абвешчаныя вынікі выбараў.
  • У выпадку сумневаў у размеркаваньні галасоў на ўчастку распрацоўшчыкі гатовыя адправіць выбаршчыкам пуш-паведамленьні з просьбай верыфікаваць галасы або правесьці паўторнае галасаваньне.
  • У лютым дэлегаты пачнуць сваю працу і будуць ініцыяваць правядзеньне мясцовых сходаў. У пэрыяд пандэміі каранавірусу яны будуць праходзіць онлайн. Акрамя таго, для дэлегатаў «Сходу» створаць асобную пляцоўку, дзе яны змогуць абмяркоўваць любыя пытаньні і знаходзіць рашэньні. Дыскусіі плянуецца трансьляваць у адкрытым доступе.
  • Прадугледжваецца, што ў доўгатэрміновай пэрспэктыве плятформа стане інструмэнтам для стварэньня дыялёгавых пляцовак і арганізацыі мясцовых сходаў.

Распрацоўшчыкі адзначаюць, што перадумовай да стварэньня «Сходу» сталі заклікі дзейнай улады вылучаць сваіх прадстаўнікоў для вядзеньня нацыянальнага дыялёгу. Плятформа дазволіць зрабіць гэта эфэктыўна і празрыста, лічаць стваральнікі.

«Сход» распрацавала група беларускіх праграмістаў, прадстаўнікоў бізнэсу і крэатыўнай індустрыі на валянтэрскіх пачатках.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG