У адказ на намер уладаў склікаць 11–12 лютага Ўсебеларускі народны сход паўстала онлайн-ініцыятыва «Сход: плятформа народных прадстаўнікоў». Свабода пагутарыла з вылучэнцам у альтэрнатыўныя дэлегаты, інжынэрам-праграмістам Андрэем Дзечкам і пацікавілася, якія мэты ён перад сабой ставіць.
Пра што гаворыць Андрэй Дзечка. Сьцісла
- «Вынікі [прэзыдэнцкіх выбараў] самым беспардонным чынам сфальсыфікаваныя. У сьпісах фігуравалі і памерлыя, і неграмадзяне Беларусі».
- «Ня бачу нічога незаконнага ў ініцыятыве „Сход“, яна не пазыцыянуе сябе альтэрнатывай дзейным органам. Павінны быць людзі, якія ў стане асэнсаваць тое, чаго хоча грамадзтва, і данесьці пасыл да ўлады».
- «Пакуль усе разам ня будзем намагацца штосьці зьмяніць, давядзецца і далей трываць зьдзекі і прыніжэньні».
Сэнс і зьмест ініцыятывы тлумачацца на сайце shodbelarus.org. Галоўная сутнасьць — даць магчымасьць грамадзянам Беларусі выбраць прадстаўнікоў дзеля абароны сваіх інтарэсаў. Агулам па ўсёй краіне такіх павінна набрацца 328 чалавек, каб на мясцовым узроўні весьці паўнавартасны дыялёг з уладамі.
Ініцыятары падкрэсьліваюць, што ні да якай палітычнай сілы не належаць. Таксама сьцьвярджаюць, што не зьбіраюцца замяняць сабой органы ўлады, а толькі шукаюць людзей, здольных размаўляць і дамаўляцца з рознаўзроўневымі чыноўнікамі.
«Усе пабачылі, як ставяцца да незалежных назіральнікаў»
Прыём заявак на лічбавай плятформе адкрыты да 4 лютага. Для гэтага неабходна запоўніць анкету і запісаць відэазварот зь пералікам праблемных момантаў для пэўнага рэгіёну, якія народны прадстаўнік зьбіраецца вырашаць. У наступныя тры дні можна будзе прагаласаваць за прэтэндэнта, які спадабаўся найбольш, праз вайбэр ці тэлеграм з уключанай геалякацыяй.
На гэты момант зарэгістраваліся блізу 70 чалавек, сярод іх такія вядомыя асобы, як дыплямат Ігар Ляшчэня, палітоляг Уладзімер Мацкевіч, былы старшы віцэ-прэзыдэнт кампаніі EPAM Systems Максім Баграцоў, бізнэсовец Валеры Астрынскі, грамадзкія актывісты Ільля Дабратвор і Хрыстафор Жаляпаў ды іншыя. Яшчэ 250 з амаль 200 акруг у працэсе рэгістрацыі. Фінальны сьпіс абнародуюць 8 лютага.
Чаму менавіта 328 вылучэнцаў? Гэта колькасьць дэлегатаў, сфармаваная паводле формулы «1 дэлегат на 30 000 жыхароў, але ня менш як адзін на раён», тлумачыцца на плятформе. Пры неабходнасьці лічба можа быць павялічаная праз уключэньне ў «Сход» кандыдатаў, якія занялі другія і трэція месцы ў галасаваньні.
Андрэй Дзечка — вядучы інжынэр-праграміст прадпрыемства-флягмана оптыка-мэханічнай прамысловасьці «Пэленг». Займаецца досьледна-канструктарскай дзейнасьцю ў галіне высокіх тэхналёгій.
Як і многія іншыя беларусы, да нядаўняга часу палітыкай цікавіўся «на адлегласьці». Аднак леташнія падзеі падштурхнулі да публічнага выказваньня асабістай грамадзянскай пазыцыі.
«Калі стартавала прэзыдэнцкая кампанія, я вырашыў стаць назіральнікам — хацелася паспрыяць сумленнасьці і празрыстасьці працэсу галасаваньня. На жаль, нічога не атрымалася; усе пабачылі, як ставяцца да незалежных назіральнікаў. Хоць я і мае калегі на ўчастку № 54 назіралі звонку, нават па ўскосных прыкметах вынікі самым беспардонным чынам сфальсыфікаваныя. Ужо не кажу пра сьпісы, у якіх фігуравалі і памерлыя, і неграмадзяне Беларусі. Чаго далёка хадзіць: і мая жонка-расейка. Давялося пісаць скаргі ў выбарчую камісію, у тэрытарыяльную, каб адтуль вывелі».
«Любая ўлада павінна выконваць закон, а не пагарджаць ім»
Драматычныя падзеі ў дзень выбараў 9 жніўня і ў наступныя месяцы толькі ўзмацнілі рашучасьць супрацьстаяць беззаконьню, адзначае Дзечка. Менавіта таму ён вырашыў скарыстацца магчымасьцямі ініцыятывы «Сход».
«Немагчыма жыць у дзяржаве, дзе закон і права засунутыя на такія задворкі, што гэта не паддаецца ніякаму разуменьню, — тлумачыць ён. — Улада павінна выконваць закон, а не грэбаваць ім. Менавіта гэтаму я і намагаюся спрыяць. Спачатку як назіральнік на выбарах. Потым на прадпрыемстве арганізавалі пярвічную прафсаюзную арганізацыю: правялі сход, прагаласавалі за яе стварэньне ў рамках Беларускага незалежнага прафсаюзу. А да таго выйшлі з праўладнага „Белпрафмашу“ ў структуры ФПБ. Падалі дакумэнты на рэгістрацыю ў адміністрацыю раёну».
Актыўнасьць не прайшла незаўважанай, кіраўніцтва прадпрыемства выклікала завадатара на гутарку: «Навошта яшчэ адзін прафсаюз, ды яшчэ незалежны?» Зрэшты, ціску ды звальненьня ўдалося пазьбегнуць, працягвае Андрэй Дзечка.
«Я супакоіў, што гэта не палітыка, гаворка пра законныя правы работнікаў. Адзначыў шэраг недахопаў у цяперашняй калектыўнай дамове, якія гадамі не вырашаюцца ў межах адзінага дзяржаўнага прафсаюзу. Як ні дзіўна, генэральны дырэктар урэшце даў дабро на такую дзейнасьць. А вось што да рэакцыі раённай адміністрацыі, то яна прадказальная ў сваёй прымітыўнасьці. Пры тым, што згодна з заканадаўствам іх функцыя — не „прыняць“ ці „адмовіць“, а проста зарэгістраваць. Могуць толькі вярнуць дакумэнты на выпраўленьне памылак».
Але, як кажа суразмоўца, два месяцы папяровай цяганіны з надуманых прычын — і ўрэшце заяўнікам адмовілі ў легалізацыі: на той падставе, што задэкляраваныя мэты работнікаў пярвічнай арганізацыі нібыта «не адпавядаюць інтарэсам, указаным у статуце Беларускага незалежнага прафсаюзу». Цалкам выдуманая прычына, абы толькі не зарэгістраваць альтэрнатыўную арганізацыю, перакананы інжынэр.
Спробы аспрэчыць сваю нязгоду праз суд таксама завяршыліся бясплённа: маўляў, законам такое абскарджваньне не прадугледжана. Хоць любое парушанае права можа і павінна аднаўляцца ў судовым парадку, кажа ён.
«Трэба стукацца ва ўсе дзьверы, магчыма, нейкія і адчыняцца»
Ініцыятары «Сходу» спадзяюцца, што дэлегатам удасца выказваць ад імя народу набалелыя праблемы і весьці дыялёг з уладамі. Іншая справа, ці захоча гэтага сама вэртыкаль? Пакуль што такой зацікаўленасьці не відаць. Хоць пасыл, зь якога вынікае ідэя «Сходу», агучваўся і Аляксандрам Лукашэнкам: «Фармуйце сваіх прадстаўнікоў — будзем весьці дыялёг».
«Думка такая: стукацца ва ўсе дзьверы, магчыма, нейкія і адчыняцца, — кажа Андрэй Дзечка. — Асабіста я ня бачу нічога незаконнага ў ініцыятыве „Сход“, паколькі яна не пазыцыянуе сябе як альтэрнатыву дзейным органам. У любым выпадку павінны быць людзі, якія ў стане асэнсаваць тое, чаго хоча грамадзтва, і данесьці гэты пасыл да ўлады — калі тая ўсё ж зробіць ласку паслухаць звычайных грамадзян. Гэтым і абумоўлена маё рашэньне вылучыцца дэлегатам».
У выпадку рэалізацыі ініцыятывы можа паўстаць кагорта новых лідэраў ня толькі ў сталіцы, а і ў рэгіёнах. Праўда, у цяперашніх умовах гэта рызыкуе прывесьці да падвышанага інтарэсу да іх з боку сілавікоў. Як ужо было з Каардынацыйнай радай, якая адпачатку акрэсьліла мэтай наладжваньне агульнанацыянальнага дыялёгу. Бальшыня сяброў прэзыдыюму ў турмах ці ў вымушанай эміграцыі, іншых датычных перасьледуюць і «прэсуюць». Таму сам факт «балятаваньня» на «Сход» — праява немалой адвагі.
«Нашыя чыны не разумеюць, што трэба пачынаць размаўляць»
На пытаньне, ці не баіцца ён наступстваў цяперашняй актыўнасьці, Андрэй Дзечка адказвае без ваганьняў: «Баюся».
«Як, пэўна, і бальшыня жыхароў краіны. Баяцца выйсьці ў краму і апынуцца на сутках у ізалятары. Баяцца перапосьціць лішні фатаздымак у сацсетках — сёньня гэта таксама матыў для затрыманьня і наступнай адміністрацыйнай ці нават крымінальнай справы. І ўсё ж спадзяюся на тое, што або ў дзяржавы ня хопіць рэсурсаў пасадзіць усіх беларусаў, або ўрэшце нашыя чыны адумаюцца і зразумеюць: раней ці пазьней трэба пачынаць размаўляць. І да таго часу, пакуль гэта здарыцца, павінна быць структура, зь якой можна кантактаваць. Каб не было чарговых заяваў: хочам весьці дыялёг, але ня з вуліцай. Прынамсі гэта ўжо ня вуліца».
«Хоць вуліца — гэта і ёсьць народ», — папраўляецца вядучы інжынэр-праграміст «Пэленгу» Андрэй Дзечка. А значыць, супрацьпастаўляць адных беларусаў іншым — само па сабе абсурдна.
«Праўда, абсурду ў нас за апошні час назьбіралася, як той казаў, два вазы і цэбар. Таму і жывём у тым паўкрымінальным антуражы, які стаў ужо амаль звыклым. І пакуль усе разам ня будзем старацца штосьці зьмяніць, давядзецца і далей трываць зьдзекі і прыніжэньні», — падсумоўвае Андрэй Дзечка.
Што будзе, калі ўлады і гэтым разам адмовяцца размаўляць з апанэнтамі, спаслаўшыся на чарговы «неканстытуцыйны праект», абвінаваціўшы ўдзельнікаў «Сходу» у спробе «захопу ўлады»? Вось што на гэта адказваюць самі ініцыятары.
«Тады, як мінімум, у нас будзе працоўны інструмэнт, які дазволіць народу Беларусі выбіраць сваіх прадстаўнікоў для любых народных сходаў і выказваць грамадзкую думку аб любых пытаньнях. Акрамя гэтага, мы спадзяёмся, што прадстаўнікі дзейных органаў улады таксама будуць вылучаць свае кандыдатуры ў якасьці дэлегатаў, каб заручыцца падтрымкай: плятформа „Сход“ адкрытая для ўсіх беларусаў», — гаворыцца на сайце ініцыятывы.
Канстытуцыя і рэфэрэндум, выхад з палітычнага і эканамічнага крызісу, пазыцыя людзей па мінулых прэзыдэнцкіх выбарах, а таксама пытаньні, зьвязаныя з ужываньнем гвалту і палітвязьнямі — менавіта гэта хвалюе большасьць беларусаў сёньня, адзначаецца на плятформе.