Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сход нелегітымнага зь нелегітымным пра нелегітымнасьць». Латушка пра канстытуцыйную рэформу Лукашэнкі


Павал Латушка
Павал Латушка

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павал Латушка расказаў тэлеканалу «Настоящее временя» аб пратэставых настроях беларусаў і ініцыятывах Лукашэнкі.

— Лукашэнка агучыў дату правядзеньня Ўсебеларускага народнага сходу — 11-12 лютага. Чакаецца, што там будуць прадстаўленыя зьмены ў Канстытуцыю. Чаго варта чакаць?

— Перш за ўсё трэба разабрацца з гэтым сходам. Гэта неканстытуцыйнае мерапрыемства, не прадугледжанае дзейнай Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Рашэньне пра яго правядзеньне прымае нелегітымны [прэзыдэнт], парадак дня вызначае нелегітымны, каго выбіраюць, — вызначае нелегітымны. Пасьля таго, як будзе прынята адпаведнае рашэньне на сходзе, рэалізоўваць яго будзе па ўказаньні нелегітымнага такая ж нелегітымная ўлада. Так што гэта фактычна сход нелегітымнага зь нелегітымным аб нелегітымнасьці.

Колькі б мы тут словаў ні ўжывалі, мы разумеем, што гэта ўсё фэйк, гэта бутафорыя, фактычна тэатар аднаго актора, які спрабуе сябе пазыцыянаваць як чалавек, які мае грамадзкі, народны давер. Але калі мы паглядзім, прынамсі мне не ўдалося знайсьці ў адкрытых крыніцах парадак абраньня, вылучэньня дэлегатаў на Ўсебеларускі сход. А ўжо абвешчана, што сход праводзіцца, заўтра нібыта стартуе працэс.

І мы выдатна ведаем (са свайго досьведу бюракратычнага, на жаль, я ведаю), што ўжо ўсе дэлегаты вызначаныя. Гэта будуць дэпутаты, якія былі прызначаныя Лукашэнкам у Палату прадстаўнікоў, члены Савету Рэспублікі, якія таксама былі прызначаныя Лукашэнкам, мясцовыя начальнікі. Гэта значыць, усялякага ўзроўню начальнікі, прызначаныя самім жа Лукашэнкам, зьбяруцца на гэты так званы Ўсебеларускі сход. Але ніякі ўсебеларускі характар там ня будзе мець месца.

Можам выказаць здагадку, што Лукашэнка паставіць пытаньне пра Канстытуцыю. Магчыма, там будуць прынятыя нейкія рэкамэндацыйныя рашэньні. Але гэтыя рашэньні ў далейшым трэба будзе правесьці праз рэфэрэндум. А тут узьнікаюць велізарныя праблемы ў Лукашэнкі. Як сфармаваць ЦВК зь Ярмошынай на чале, які прыме народ? Немагчыма. Участковыя камісіі — а хто ў іх будзе запісвацца пасьля таго, што было зроблена на выбарах 9 жніўня?

Правесьці рэфэрэндум сёньня для Лукашэнкі нерэальна. Адпаведна, зьмяніць Канстытуцыю нерэальна. Таму Лукашэнка, хутчэй за ўсё, будзе гуляць у доўгую і будзе і далей падстаўляць Расею, якая аказвае на яго ціск, што канстытуцыйная рэформа і рэальны дыялёг з народам — гэта галоўны спосаб выхаду з той сытуацыі, якая склалася.

Для нас жа зразумела, што галоўная праблема не ў Канстытуцыі, галоўная праблема — у Лукашэнку. Нават па гэтай Канстытуцыі краіна зможа пражыць паўгода-год да прыняцьця новай. Галоўнае — калі ня будзе ўзурпатара, кіраўніка вайсковай хунты ў нашай краіне.

Чытаць больш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG