Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЭЗ апублікавалі рэйтынг фэйкаў году. Лукашэнка на чацьвёртым месцы


Інфармацыйны праект Эўракамісіі EUvsDisinfo, мэтай якога зьяўляецца выкрыцьцё фэйкавых навінаў, найперш ад расейскай прапаганды, апублікаваў рэйтынг найбольш прыкметных прапагандыскіх правалаў у 2020 годзе.

Першае месца ў рэйтынгу было аддадзена сытуацыі вакол атручэньня расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага, якую дасьледчыкі называюць «вялікай ганьбай для расейскай дзяржавы». Пры гэтым маецца на ўвазе не само атручэньне, паколькі «радыкальныя захады», як сьцьвярджаюць аўтары рэйтынгу, даўно ў арсэнале Крамля, а правал апэрацыі, які суправаджалася «відавочнай адсутнасьцю прафэсіяналізму» як з боку атрутнікаў Навальнага, так і тых, хто выстаўляў «альтэрнатыўныя версіі» таго, што здарылася. Гэта асабліва тычыцца прызнаньняў меркаванага супрацоўніка ФСБ у тэлефоннай размове з самім Навальным, які прадставіўся начальнікам.

На другім месцы — спробы расейскай прапаганды распаўсюджваць «фэйкавыя навіны» аб пандэміі каранавірусу, у тым ліку аб распрацаваных на Захадзе вакцынах. Праект EUvsDisinfo налічыў каля 700 публікацый, у якіх былі непраўдзівыя сьцьвярджэньні пра эпідэмію. Пры гэтым, як адзначаецца, прапаганда спачатку імкнулася дыскрэдытаваць вакцыну карпарацыі AstraZeneca, а калі гэтая карпарацыя заявіла пра намер супрацоўнічаць з расейскім інстытутам імя Гамалеі, нападкі на вакцыну адразу спыніліся.

Трэцяе месца дасталася расейскаму рэжысэру Мікіту Міхалкову, якія выдаваў ў сваёй праграме падробленыя фота беларускіх пратэстаў за сапраўдныя.

На чацьвёртым месцы Аляксандар Лукашэнка, які выступіў з заявай пра перахопліваньне размовы нібыта рэзыдэнтаў заходніх спэцслужбаў — «Майка» і «Ніка». Запіс гучыць так недарэчна, што на яго сапраўднасьці не настойвалі нават афіцыйныя расейскія СМІ.

На ніжэйшых месцах рэйтынгу — расейскі тэлевядоўца Ўладзімір Салаўёў і дэпутат Дзярждумы РФ Аляксей Жураўлёў, які заявіў, што ў Даніі існуюць прытоны для заафілаў, дзе любы ахвотны можа «згвалціць чарапаху».

«Найбольш ганебнай часткай усіх гэтых выпадкаў зьяўляецца адсутнасьць якога-небудзь раскаяньня з боку іх аўтараў... Хлусьня, маніпуляцыі і адкрытая лухта зьяўляюцца часткай жорсткай атакі на дэмакратыю» — падсумоўваюць дасьледнікі EUvsDisinfo.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG