Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Міністэрстве абароны Беларусі заявілі, што вырашылі праблему з ударнымі дронамі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У ведамстве запэўніваюць, што паставілі вытворчасьць бесьпілётнікаў «на паток».

Маючы «значны досьвед» у выкарыстаньні выведных бесьпілётнікаў, Узброеныя сілы Беларусі «пасьпяхова вырашылі праблему з ударнымі БПЛА», заявіў начальнік упраўленьня выкарыстаньня і разьвіцьця бесьпілётных авіяцыйных комплексаў УС Міхаіл Бранскі.

Паводле Бранскага, словы якога прыводзіць прэс-служба Мінабароны, Узброеныя сілы сёлета працавалі з прадпрыемствамі Дзяржаўнага камітэту вайсковай прамысловасьці, і значная колькасьць узораў, якія распрацоўваюцца на даручэньне войска беларускімі прадпрыемствамі, «ужо прынятая на ўзбраеньне».

Прадстаўнік УС паведаміў, што завяршаецца распрацоўваньне новага бесьпілётніка «Квадра-М», мадэрнізаванага для скіданьня боепрыпасаў. Яго плянуюць прыняць на ўзбраеньне налета.

На ўзбраеньне прынятыя бесьпілётны авіяцыйны комплекс «Беркут-3», аналяг расейскага «Суперкама», які, як падкрэсьліў начальнік упраўленьня, «добра выкарыстоўваецца ў СВА» (так беларускія вайсковыя чыноўнікі, паўтараючы за расейцамі, называюць вайну Расеі супраць Украіны. — Заўв. Свабоды), але ў беларускім аналягу «маюцца рашэньні, якія паляпшаюць характарыстыкі ў пэўнай ступені».

Сёлета на ўзбраеньне прынялі «першы ўдарны бесьпілётны комплекс айчыннай вытворчасьці — БПЛА-камікадзэ „Чакан-В“, дадаў ён.

Паводле яго, зараз таксама завяршаецца выпрабаваньне бесьпілётнага авіяцыйнага комплексу „Міратворац“ з далёкасьцю больш за 100 кілямэтраў і баявой часткай 10 кіляграмаў, які распрацавала прадпрыемства „Бесьпілётныя верталёты“.

Па выніках праведзеных выпрабаваньняў у 2025 годзе УС будуць мець „шырокую лінейку ўдарных бесьпілётнікаў“: „Чакан-В“ далёкасьцю да 30 км, „Міратворац“ і іншыя распрацоўкі.

24 верасьня Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з вайскоўцамі на Обуз-Лясноўскім агульнавайсковым палігоне заявіў пра неабходнасьць рыхтавацца да вайны. Бесьпілётную авіяцыю пры гэтым ён назваў „сур’ёзнай навінкай“.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG