У інтэрвію вядомаму расейскаму журналісту Юрыю Дудзю жонка Аляксея Навальнага расказала, што ён пасьля комы першы раз расьсьмяяўся, калі яшчэ ня мог гаварыць. Расьсьмяшылі яго перахопленыя «перамовы Майка і Ніка», якія Лукашэнка перадаў Расеі.
«Ведаеш, мы ж фільмаў нагледзеліся, што хтосьці ляжыць у палаце, расплюшчвае вочы, і тут усе сваякі на яго кідаюцца, ён усіх успамінае ці ўспамінае ня ўсіх, і вакол гэтага заўсёды цэлы фільм. А потым, калі гэта пачыло адбывацца, стала зразумела, што ў жыцьці гэта зусім інакш, — расказала Юлія Навальная. — То бок зьніжаюць гэтую дозу лекаў, ад якіх ён знаходзіцца ў коме. І ён неяк расплюшчвае вочы, ён адкрывае вочы і зноў іх заплюшчвае. Ён нібыта і глядзіць, але, напэўна, нічога не разумее. І гэта пытаньне некалькіх дзён. То бок няма такога, што прачнуўся, сказаў усім „добрай дзень“ ці там заўсьміхаўся.
Але я, вядома, памятаю той момант, калі ён не гаварыў (бо ў яго ж была гэтая трахеастома, трубка ў шыі, таму ён ня мог гаварыць). Там ёсьць спэцыяльная заглушка, якую ўключаюць у якісьці момант, і зь ім можна размаўляць, але гэта было не адразу. І мне здаецца, ён яшчэ ня мог гаварыць першыя дні.
І я яму стала паказваць перамовы, якія «зьліў» Лукашэнка — перамовы Польшчы зь Нямеччынай («Майка і Ніка», — удакладняе Дудзь). І ў нейкі момант ён пачаў сьмяяцца. І тады я зразумела, што, напэўна, мы яшчэ пазмагаемся».
Аляксей Навальны быў шпіталізаваны з сымптомамі атручэньня 20 жніўня ў Омску — яму стала блага на борце самалёту Томск — Масква. 22 жніўня яго перавезьлі ў бэрлінскую клініку «Шарытэ». Больш за два тыдні палітык правёў у коме.
Пра тое, што Навальны быў атручаны рэчывам зь сямейства «Навічок», паведамілі ўлады Нямеччыны са спасылкай на вынікі аналізаў ў лябараторыі Бундэсвэра, якія пазьней пацьвердзілі ў лябараторыях Францыі і Швэцыі. Абставіны атручваньня па-ранейшаму невядомыя. Нямецкае выданьне Der Spiegel паведаміла, што сьляды атруты знайшлі ў тым ліку на бутэльцы, зь якой піў Навальны. Бутэльку паплечнікі Навальнага забралі з нумару гатэлю, дзе палітык спыняўся ў Томску.
Паплечнікі апазыцыянэра адразу пасьля яго шпіталізацыі запатрабавалі завесьці крымінальныя справы паводле артыкулаў аб замаху на жыцьцё грамадзкага дзеяча і тэрарызьме. Правесьці расьсьледаваньне замаху Расею заклікалі ЗША, Эўзразьвяз. Расейскія ўлады сьцьвярджаюць, што падстаў для завядзеньня крымінальнай справы няма. Яны сумняваюцца ў тым, што Навальны быў атручаны, сьцьвярджаючы, што ў аналізах, узятых у яго ў Расеі, атруты не знайшлі.
23 верасьня нямецкія лекары выпісалі Навальнага з клінікі «Шарытэ» у Бэрліне, адзначыўшы, што рашэньне прынятае на фоне паляпшэньня стану яго здароўя. Усяго ён правёў у клініцы 32 дні, зь іх 24 — у рэанімацыі.
4 верасьня дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі апублікавалі запіс размовы Варшавы і Бэрліну, якую нібыта перахапілі белаурскія спэцслужбы. «Нік» з Бэрліну і «Майк» з Варшавы гаварылі пра тое, што расейскі палітык Аляксей Навальны ня быў атручаны, а ўся справа вакол яго арганізаваная наўмысна, каб пакараць Пуціна за падтрымку Лукашэнкі пасьля выбараў. Упершыню пра гэты запіс заявіў сам Лукашэнка падчас сустрэчы з расейскім прэмʼерам Мішусьціным і сказаў, што перадаў яго расейскім спэцслужбам.