Ад 7 лістапада ініцыятыўныя групы ў падтрымку патэнцыйных кандыдатаў зьбіраюць подпісы за іх вылучэньне. Калі ад пачатку кампаніі такіх груп было 7, то цяпер двое прэтэндэнтаў — Вольга Чамаданава і Сяргей Бобрыкаў — адмовіліся ад удзелу ў электаральнай кампаніі.
Аляксандар Лукашэнка 14 лістапада заявіў, што ўжо мае 700 тысяч подпісаў выбарнікаў. Пра колькасьць подпісаў у іншых патэнцыйных кандыдатаў пакуль нічога невядома.
Таблічка з адказамі «так» ці «не»
Беларус Максім (імёны герояў зьмененыя ў мэтах бясьпекі, — РС) працуе юрыстам у адной з арганізацый. Ён расказвае, што днямі ў офіс прыйшло паведамленьне з профільнага міністэрства ў Менску з тытулам «Тэрмінова!» (копія табліцы ёсьць у рэдакцыі.— РС). Кіраўніку арганізацыі загадвалі запоўніць таблічку, у якую неабходна занесьці дадзеныя ўсіх супрацоўнікаў, улічваючы прыбіральніц — імя, прозьвішча і пасаду. А ў асобнай графе пазначыць «Ці паставілі подпіс за Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку?». Варыянты адказаў — «так» ці «не».
«Мы былі ў шоку. У 2020-м такога патрабаваньня не было. Я, напрыклад, разумею, што, паставіўшы „не“, можаш разьвітацца з працай папросту», — зазначыў юрыст.
Беларуска Алена расказвае, што цяпер цяжка «адбіцца» ад збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку. Яна кажа, што подпісы за яго вылучэньне зьбіраюць як на працы, так і на вуліцах, асабліва ў цэнтры Гомля, дзе яна жыве. Стаяць пікеты па зборы подпісаў і ў буйных крамах.
«Больш за тое, ходзяць і па кватэрах, проста няма куды схавацца ад іх. Я заявіла на працы кіраўніцы, што мяняю пашпарт, няма яго ў наяўнасьці, і што ня маю правоў кіроўцы. Пакуль, так бы мовіць, схавалася. Ня ведаю, што буду брахаць на працы 26 студзеня, на дзень выбараў», — падзялілася Алена.
Яшчэ адна беларуска, Хрысьціна, кажа, што яна цяпер у дэкрэтным водпуску і радая, што гэта дазволіць ёй пазьбегнуць удзелу ў вылучэньні Лукашэнкі.
«Я хачу толькі аднаго — каб хутчэй гэта ўсё мінула. Хай пішуць Лукашэнку 100%, хай з усіх вырвуць подпісы за яго, абы больш не садзілі людзей у турмы. Гэта мяне хвалюе больш за ўсё. Мне нічога ня трэба, толькі каб гэты прыгнёт ня быў больш такім чорным. Цяпер людзі настолькі прыгнечаныя, што нічога ня хочуць добрага, абы горш не было», — падзялілася Хрысьціна.
Беларус Павал працуе ў сфэры мэдыцыны. Ён расказаў, што пакуль што подпісаў у іх установе не зьбіралі. Адзінае, што галоўны доктар «данёс інфармацыю», што сярод аддзяленьняў трэба праводзіць агітацыйную працу з нагоды выбараў і трэба актыўна ў іх удзельнічаць.
«Але калі праходзіла так званая акцыя «Надо!», то народ выходзіў. Хто добраахвотна, хто не. Было так, што санітарак забіралі з апэрацыйных блёкаў падчас апэрацый, каб яны стаялі гуртам на вуліцы і крычалі «Надо!», — расказаў Павал.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
- Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
- У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
- У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
- У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
- Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.
Форум