Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 краін за 120 гадоў. Каго і за што адхілялі ад Алімпійскіх гульняў


Васіль Кірыенка нясе афіцыйны сьцяг Беларусі на цырымоніі адкрыцьця Алімпійскіх гульняў ў Рыё, 5 жніўня 2016
Васіль Кірыенка нясе афіцыйны сьцяг Беларусі на цырымоніі адкрыцьця Алімпійскіх гульняў ў Рыё, 5 жніўня 2016

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) прыняў санкцыйныя захады супраць кіраўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэту (НАК) Беларусі на чале зь яго нязьменным кіраўніком Аляксандрам Лукашэнкам. Свабода разьбіралася, наколькі гэта беспрэцэдэнтнае рашэньне.

МАК вырашыў сярод іншага часова адхіліць прадстаўнікоў выканкаму НАК (12 чалавек, уключна з Аляксандрам і Віктарам Лукашэнкамі і Дзьмітрыем Баскавым) ад усіх падзеяў пад эгідай арганізацыі, спыніць любыя перамовы з НАК Беларусі наконт будучых спаборніцтваў, а таксама перапыніць фінансаваньне НАК.

«МАК прыйшоў да высновы, што цяперашняе кіраўніцтва НАК Беларусі не абараняе ад палітычнай дыскрымінацыі», — пракамэнтаваў сытуацыю прэзыдэнт МАК Томас Бах.

МАК паведаміў, што рашэньне не канчатковае і можа быць перагледжана як у бок больш жорсткіх захадаў, так і адмены цяперашніх.

Больш жорсткія захады — адлучэньне НАК Беларусі ад алімпійскага руху. Гэта будзе азначаць, што беларускія атлеты ня змогуць выступаць на Алімпіядзе нацыянальнай камандай пад афіцыйным сьцягам Беларусі.

Разам з тым гісторыя санкцыяў МАК супраць нацыянальных алімпійскіх камітэтаў сьведчыць, што прынятае ў Лязане 7 сьнежня рашэньне ёсьць даволі рэдкай і надзвычайнай мерай.

МАК можа адхіліць любую краіну ад удзелу ў алімпійскім руху. Падставай могуць быць палітычныя прычыны, войны ці ўжываньне допінгу.

За што могуць адхіліць ад Алімпійскіх гульняў

За 124-гадовую гісторыю Алімпійскіх гульняў усяго 10 краін адхілялі ад ўдзелу ў іх.

За вайну

Калі краіна вядзе дзейнасьць, зьвязаную з вайной, то МАК можа дыскваліфікаваць яе з Алімпійскіх гульняў.

Пяці краінам забаранілі ўдзел у Алімпіядзе 1920 году ў Антвэрпэне празь іхную ролю ў разьвязваньні Першай сусьветнай вайны. Гэта Аўстрыя, Баўгарыя, Турцыя, Вугоршчына і Нямеччына.

Да Гульняў-1948 у Лёндане не дапусьцілі Нямеччыну і Японію — як вінаватых у Другой сусьветнай вайне.

За дыскрымінацыю альбо расавую сэгрэгацыю

У 1964 годзе МАК забараніў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы ўдзельнічаць у Алімпіядзе ў Токіё з прычыны тамтэйшага рэпрэсіўнага рэжыму апартэіду. Гэтая забарона працягвалася ажно да 1992 году.

За дыскрымінацыю паводле полавай прыкметы

Адна з асноўных місіяў МАК — спыніць дыскрымінацыю жанчын. МАК адхіліў Афганістан ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях 2000 году ў Сыднэі, бо на падкантрольнай Талібану тэрыторыі існавала дыскрымінацыя жанчын і былі забароненыя ўсе віды спорту.

За допінг

Пасьля допінгавага скандалу з падменай аналізаў расейскіх спартоўцаў на Алімпіядзе ў Сочы Міжнародны паралімпійскі камітэт адхіліў зборную Расеі ад удзелу ад Паралімпіяды-2016 у Рыё-дэ-Жанэйра. У канцы 2017 году МАК увёў санкцыі ўжо супраць НАК Расеі за дзяржаўную допінгавую праграму. У выніку на зімовай Алімпіядзе-2018 у Пхёнчхане расейскія спартоўцы выступалі пад алімпійскім сьцягам як «алімпійскія атлеты з Расеі». У шэрагу відаў спорту расейскія спартоўцы дагэтуль ня могуць выступаць пад расейскім сьцягам.

За ўмяшаньне ўладаў у справы НАК

МАК можа адхіліць краіну ад удзелу ў алімпійскіх спаборніцтвах, калі ўрад краіны ўмешваецца ў працу нацыянальнага алімпійскага камітэту.

  • У апошняе дзесяцігодзьдзе МАК двойчы адхіляў Кувэйт ад алімпійскіх падзеяў за ўмяшаньне ўлады ў працу НАК: з 2010 па 2012 год і з 2015 па 2019-ы.
  • Двойчы такі ж лёс чакаў і Індыю. З 2012 па 2014 год краіну адхілілі ад удзелу ў падзеях МАК (на Алімпіядзе ў Лёндане краіна пасьпела выступіць) за парушэньне Алімпійскай хартыі, карупцыю і ўмяшаньне дзяржавы ў выбары кіроўных асобаў НАК. Зь лютага па чэрвень 2019 году Міжнародны алімпійскі камітэт забараняў міжнародныя спаборніцтвы у Індыі, бо гэтая краіна адмовілася выдаць візы пакістанскім стралкам для ўдзелу ў Кубку сьвету ў Дэлі.
  • У 2011 годзе МАК адлучаў НАК Ганы за ўмяшаньне ўладаў краіны ў справы арганізацыі. Чыноўнікі выправілі парушэньні, і на Алімпіядзе-2012 у Лёндане ганскія спартоўцы здолелі выступіць пад нацыянальным сьцягам.
  • Увесну 2017 году МАК замарозіў фінансаваньне НАК Кеніі пасьля адмовы апошняга ўхваліць новую хартыю, якая б нармалізавала сытуацыю з допінгавымі скандаламі, кепскім кіраваньнем і ўмяшаньнем дзяржавы. Пашырэньня санкцыяў удалося ўнікнуць пасьля таго, як НАК выбраў новае кіраўніцтва і прыняў рэкамэндаваныя зьмены ў хартыі.
  • З кастрычніка 2017 да лютага 2018 году НАК Бразыліі быў пад санкцыямі пасьля арышту яго кіраўніка Карлуса Нузмана, якога абвінавацілі ў карупцыйнай схеме, якая дазволіла Бразыліі здабыць права на Алімпіяду-2016 з дапамогай хабару.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG