Выканкам Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) на чатыры гады пазбавіў Расею права ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах, у тым ліку Алімпіядах і чэмпіянатах сьвету.
Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на прэс-службу WADA.
«Рэкамэндацыя камітэт была адобрана аднагалосна», — сказана ў паведамленьні.
Таксама выканкам WADA увёў чатырохгадовую забарону на наведваньне міжнародных спартыўных мерапрыемстваў расейскімі дзяржслужачымі і кіраўніцтвам Алімпійскага камітэта Расеі і Паралімпійскага камітэта Расеі.
Якіх спаборніцтваў датычыць забарона:
- Летняя Алімпіяда ў Токіё, 2020 год
- Зімовая Алімпіяда ў Пэкіне, 2022
- Чэмпіянат сьвету па футболе ў Катары, 2022
- Унівэрсіяда, 2021
- Унівэрсіяда, 2023
25 лістапада камітэт па адпаведнасьці WADA рэкамэндаваў выканкаму арганізацыі адхіліць Расею ад міжнародных спаборніцтваў на чатыры гады. Гэта зьвязана з падазрэньнямі ў маніпуляцыях допінг-пробамі з базы дадзеных Маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі.
Допінгавы скандал, зьвязаны з падробкай допінг-пробаў расейскіх удзельнікаў Алімпіяды ў Сочы і спартоўцаў, якія прымалі ўдзел у іншых спаборніцтвах, працягваецца ўжо некалькі гадоў. WADA абвінавачвае расейскія ўлады ў маштабным парушэньні сусьветных антыдопінгавых правілаў, расейскія ўлады гэтыя абвінавачваньні адмаўляюць.
Зьмены ў базе дадзеных Маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі былі зробленыя мужам дырэктара лябараторыі Алены Мачалавай - Яўгеніем Мачалавым, які працуе сыстэмным адміністратарам лябараторыі. Такія вынікі ўтрымліваюцца ў справаздачы па выніках расьсьледаваньня WADA.
У справаздачы камітэта па адпаведнасьці WADA паведамляецца, што ў маскоўскай лябараторыі (яна фізычна знаходзіцца ў МДУ) працавала адмысловая «каманда абнуленьня». Яе мэтай было «схаваць факт» таго, што зьмены адбыліся не ў лістападзе 2015 года былым кіраўніком лабараторыі Рыгорам Родчанкавым, а ў сьнежні 2018-га - непасрэдна перад перадачай базы ў WADA.