Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Палітычна матываваны крок». НАК Беларусі адрэагаваў на санкцыі МАК


Прэзыдэнт МАК Томас Бах.
Прэзыдэнт МАК Томас Бах.

Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі прыняў да ведама рашэньне выканкаму Міжнароднага алімпійскага камітэту ад 7 сьнежня аб «часовых мерах у дачыненьні да НАК Беларусі», гаворыцца на сайце арганізацыі.

Разам з тым пазыцыя МАК ацэньваецца «як перадузятая, заснаваная на ангажаванасьці і павярхоўным вывучэньні сытуацыі ў краіне». Беларускі бок выказаў заклапочанасьць, што ў асобных пунктах рашэньне «магло зазнаць палітычны ціск».

«Мы лічым, што спорт павінен быць па-за палітыкай. Аднак часовыя меры ў дачыненьні практычна да ўсіх чальцоў выканкаму НАК Беларусі (выключэньне — „парусьніца“ Тацяна Драздоўская. — РС), а таксама прыпыненьне фінансаваньня шэрагу сумесных праграмаў лічым не адпаведным асноватворным прынцыпам і каштоўнасьцям алімпізму. Мы разглядаем гэта як палітычна матываваны крок, накіраваны на аказаньне ціску на кіраўніцтва беларускага НАК».

У адказе гаворыцца, што пазыцыя МАК «не адпавядае аб’ектыўнай ацэнцы намаганьняў НАК Беларусі ў выкананьні палажэньняў Алімпійскай хартыі, міжнароднага і беларускага спартовага заканадаўства».

«У нашай краіне створаны ўсе ўмовы для спартоўцаў, якія вядуць плянавую падрыхтоўку да галоўных стартаў чатырохгодзьдзя і будуць выступаць пад дзяржаўным сьцягам на маючых адбыцца Гульнях. Мы заўсёды адкрытыя да дыялёгу і гатовыя змагацца супраць любых формаў дыскрымінацыі, якія наносяць шкоду алімпійскага руху. У сваю чаргу заклікаем кіраўніцтва МАК аб’ектыўна разглядаць стан спраў у беларускім спорце».

НАК Беларусі заявіў, што пакідае за сабой права «адстойваць пазыцыю ў адпаведнасьці з Алімпійскай хартыяй і міжнародным спартовым правам».

Раней нязьменны прэзыдэнт арганізацыі ад 1997 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў, што падасьць у суд «на Баха і ягоную банду» — відавочна, маючы на ўвазе прэзыдэнта МАК Томаса Баха.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG