Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Фінансавыя і рэпутацыйныя страты істотныя». Былы чыноўнік Мінспорту Беларусі пра санкцыі МАК


Адзін з пацярпелых за грамадзянскую пазыцыю: дзесяціборац Андрэй Краўчанка, алімпійскі прызэр
Адзін з пацярпелых за грамадзянскую пазыцыю: дзесяціборац Андрэй Краўчанка, алімпійскі прызэр

Міжнародны алімпійскі камітэт наклаў вэта на фінансаваньне Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі, якім кіруюць Аляксандар і Віктар Лукашэнкі. Пра які аб’ём гаворка?

Міжнародны алімпійскі камітэт па выніках паседжаньня выканкаму даў прынцыповую ацэнку дзеяньням беларускіх уладаў у дыскрымінацыі спартоўцаў паводле палітычнай прыкметы.

Сярод іншага чальцам выканкаму НАК, уключна з Аляксандрам і Віктарам Лукашэнкамі, Дзьмітрыем Баскавым, Дзьмітрыем Даўгалёнкавым, Аляксандрам Пяткевічам, Дзьмітрыем Піневічам, Арцёмам Цуранам, Любоўю Чаркашынай, Алегам Шэпелем, Антонам Юспам ды некаторымі іншымі (абмежаваньні ня тычыцца толькі чэмпіёнкі сьвету ў парусным спорце Тацяны Драздоўскай) забаронена наведваць Алімпійскія гульні і іншыя імпрэзы пад эгідай МАК.

Акрамя таго, прыпынена фінансаваньне НАК Беларусі па лініі праграмаў алімпійскай салідарнасьці.

Як расказаў Свабодзе экс-супрацоўнік Міністэрства спорту і турызму, гаворка пра мэтавыя грошы — прыкладна 1 мільён даляраў штогод у міжалімпійскі цыкль. Аднак у перадалімпійскія гады такая сума можа паступаць на рахункі НАК і кожны месяц — як цяпер на падрыхтоўку спартоўцаў да летніх Гульняў у Токіё і зімовых у Пэкіне.

Акрамя таго, адмысловай праграмай узаемадапамогі прадугледжаны разнастайныя фінансавыя бонусы на сэмінары, выезды і падвышэньне кваліфікацыі. Цяпер адукацыйныя праграмы для трэнэраў, прадстаўнікоў фэдэрацый і ўласна атлетаў будуць аплочвацца адрасна з касы МАК, а не праз Нацыянальны алімпійскі камітэт.

Паводле суразмоўцы, наўпроставыя і ўскосныя сродкі, якіх пазбавіцца НАК Беларусі, у выніку складуць «мільёны даляраў». Магчыма, не такая значная сума ў маштабах краіны, але куды большыя рэпутацыйныя страты ад такога кшталту публічных санкцый.

Кіраўніцтва МАК заявіла, што прасочыць, каб палітычныя погляды беларускіх спартоўцаў не былі нагодай для нядопуску да Алімпійскіх гульняў з боку НАК Беларусі. Паводле прэзыдэнта арганізацыі Томаса Баха, кожны алімпіец, які заваяваў ліцэнзію, будзе ўдзельнічаць у галоўных стартах чатырохгодзьдзя.

Тым часам МАК прыпыняе ўсе перамовы з НАК Беларусі аб спаборніцтвах пад сваёй эгідай. У залежнасьці ад разьвіцьця сытуацыі санкцыі супраць беларускіх спартовых чыноўнікаў могуць быць пашыраныя.

Раней шэраг прадстаўнікоў беларускага спорту зазналі перасьлед за сваю грамадзянскую пазыцыю, былі паўзбаўленыя стыпэндый і звольненыя з нацыянальных камандаў, пакараныя штрафамі і адміністрацыйным арыштам за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG