Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пампэо: ЗША адрэагуюць на атручэньне Навальнага


Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо
Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо

Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо пракамэнтаваў пазыцыю Вашынгтону з нагоды атручэньня расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага у інтэрвію нямецкаму выданьню Bild.

Паводле Пампэо, няма падставаў думаць, што з боку ЗША ня будзе прынята ніякіх захадаў у сувязі з атручэньнем Аляксея Навальнага, бо Вашынгтон лічыць ўжыцьцё хімічнай зброі недапушчальным. У сувязі з гэтым Пампэо нагадаў пра рэакцыю ЗША на ўжыцьцё хімічнай зброі пры замаху на Сяргея і Юлію Скрыпалёў у брытанскім горадзе Солсбэры ў сакавіку 2018 году.

Злучаныя Штаты адрэагуюць сувымерным чынам, як толькі ў распараджэньні амэрыканскіх уладаў будуць усе факты, заявіў Пампэо.

Ён адзначыў, што Вашынгтон мае намер дачакацца вынікаў дасьледаваньня пробаў Навальнага ад Арганізацыі ў справе забароны хімічнай зброі. ЗША таксама чакаюць ад Расеі правядзеньня расьсьледаваньня, якое ў канчатковым выніку дазволіць вызначыць, як адбылося атручэньне Навальнага, сказаў амэрыканскі дзяржсакратар у інтэрвію Bild.

Пампэо чарговы раз выступіў з крытыкай будаванага газаправоду «Паўночны паток – 2». «Мы спадзяёмся, што будаўніцтва ня будзе завершанае», — заявіў ён і дадаў, што Вашынгтон працуе над стварэньнем кааліцыі, каб не дапусьціць гэтага. «Мы спадзяёмся, што ўрад Нямеччыны прыйдзе да такой самай пазыцыі ці ў сувязі з тым, што здарылася са спадаром Навальным, ці з прычыны рэальных наступстваў для бясьпекі, якія цягне за сабой залежнасьць ад расейскага газу», — адзначыў Пампэо.

  • Аляксей Навальны быў шпіталізаваны з сымптомамі атручэньня 20 жніўня ў Омску — яму стала дрэнна на борце самалёта Томск — Масква. 22 жніўня яго перавезьлі ў бэрлінскую клініку «Шарытэ». Больш за два тыдні палітык правёў у коме.
  • Пра тое, што Навальны быў атручаны рэчывам зь сямейства «Навічок», паведамілі ўлады Нямеччыны са спасылкай на вынікі аналізаў у лябараторыі бундэсвэру, якія пазьней пацьвердзілі ў лябараторыях Францыі і Швэцыі. Абставіны атручэньня па-ранейшаму невядомыя.
  • Улады Расеі сумняваюцца ў тым, што Навальны быў атручаны, сьцьвярджаючы, што ў аналізах, узятых у яго ў Расеі, атруты не знайшлі.
  • «Паўночны паток – 2» мае зьвязаць Расею і Нямеччыну па дне Балтыйскага мора. Цяпер яго будаўніцтва прыпынілі з прычыны амэрыканскіх санкцый, аднак і Масква, і Бэрлін неаднаразова заяўлялі аб прыхільнасьці да завяршэньня гэтага праекту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG