Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН заклікала ўлады Беларусі спыніць ужываньне сілы супраць мірных дэманстрантаў


Антонію Гутэрыш (António Guterres), архіўнае фота
Антонію Гутэрыш (António Guterres), архіўнае фота

Генэральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў Антонію Гутэрыш заклікаў улады Беларусі спыніць ужываньне сілы супраць мірных дэманстрантаў, расьсьледаваць зьвесткі аб катаваньнях затрыманых і пачаць шырокі дыялёг.

У заяве, зь якой 11 верасьня ад імя кіраўніка ААН выступіў яго прэс-сакратар, гаворыцца, што сытуацыя ў Беларусі выклікае ў генэральнага сакратара глыбокую трывогу. Гутэрыша асабліва турбуюць няспынныя сілавыя дзеяньні супраць мірных пратэстоўцаў і затрыманьні людзей, якія ажыцьцяўляюць свае законныя дэмакратычныя правы. Ён таксама занепакоены паведамленьнямі аб выкарыстаньні тактыкі запалохваньня супраць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, СМІ і апазыцыі.

«Генэральны сакратар ААН заклікае ўлады ўстрымацца ад ужываньня сілы супраць тых, хто ўдзельнічае ў мірных сходах, і дамагчыся таго, каб абвінавачаньні ў катаваньнях і жорсткім абыходжаньні з затрыманымі былі цалкам расьсьледаваныя», — заявіў прэс-сакратар Гутэрыша.

Кіраўнік ААН падкрэсьліў, што «цяперашні крызіс могуць пераадолець толькі самыя беларусы шляхам шырокага, інклюзіўнага дыялёгу». Ён перакананы, што ў інтарэсах стабільнасьці гэты дыялёг трэба пачаць неадкладна.

Генэральны сакратар ААН ад самага пачатку пратэстаў у Беларусі ня раз зьвяртаўся да ўладаў дзяржавы з заклікам спыніць катаваньні затрыманых. З аналягічнай заявай выступіла і высокі камісар ААН у правах чалавека Мішэль Бачэлет, а таксама Камітэт правоў чалавека ААН.

Спэцыяльны дакладчык ААН аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, выступаючы 4 верасьня перад Радаю бясьпекі ААН, заявіла, што сытуацыя ў Беларусі яшчэ ніколі не была такой катастрафічнай, як у апошні месяц.

«Яшчэ больш трывожна, што сытуацыя надалей пагаршаецца, — сказала яна. — Гэтыя падзеі, беспрэцэдэнтныя для Беларусі, патрабуюць павышанай увагі з боку міжнароднай супольнасьці, бо існуе вялікая рызыка таго, што сьпіраль гвалту можа пагражаць рэгіянальнаму міру і бясьпецы».

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская, выступаючы 4 верасьня перад Радаю бясьпекі ААН, заявіла аб неабходнасьці неадкладна накіраваць у Беларусь міжнародную групу назіральнікаў ААН для фіксацыі таго, што адбываецца ў краіне. Ціханоўская адзначыла, што беларускі народ цяпер мае патрэбу ў дапамозе з боку ААН, каб «спыніць абуральнае парушэньне правоў чалавека і цынічную непавагу да права на чалавечую годнасьць у цэнтры Эўропы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG