Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ідзе неадэкватны гвалт». Беларускія партыі выступаюць за вырашэньне палітычнага крызісу


Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні падчас акцыі пратэсту ў Горадні, 6 верасьня 2020 году
Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні падчас акцыі пратэсту ў Горадні, 6 верасьня 2020 году

Што кажуць прадстаўнікі праўладных партыяў, якія 10 жніўня падпісалі рэзалюцыю з патрабаваньнем спыніць гвалт і правесьці новыя выбары?

«У вайне ня будзе пераможцы, давайце сядзем за стол перамоваў»

Рэзалюцыя з патрабаваньнямі спыніць гвалт, расьсьледаваць забойствы і катаваньні, правесьці новыя выбары
Рэзалюцыя з патрабаваньнямі спыніць гвалт, расьсьледаваць забойствы і катаваньні, правесьці новыя выбары

Пад рэзалюцыяй ёсьць подпіс намесьніка старшыні Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці Эдуарда Нарышкіна.

«Гэта не рэзалюцыя, а канстатацыя факту пра тое, што гаварылася на круглым стале. Я заявіў на пасяджэньні, што ў нас апублікавана на сайце (На сайце партыі апублікаваная заява РППС аб пакрокавай інструкцыі для вырашэньня палітычнага крызісу. — РС), пазыцыя нашай партыі з 4-х пунктаў цалкам і поўнасьцю адпавядае таму, што было агучана на сустрэчы. Таму нас гэта хвалюе».

Паводле Нарышкіна, удзельнікі сустрэчы прыйшлі да паразуменьня, якога не было цягам 27 гадоў.

«Мы падзяляем заклапочанасьць, што ідзе пратэст, ідзе гвалт, неадэкватны гвалт, мы кажам, што трэба адысьці ад гвалту адзін супраць аднаго. Мы за тое, каб прапанаваць паслугі круглага стала, перамоваў, — вось у чым асноўная думка. Мы запрашаем за стол перамоваў і прапанавалі для гэтага партыйную пляцоўку. Магчыма, яна ня будзе ўспрынята. Але мы прапануем: давайце сядзем. Мы падзяляем такія падыходы. У вайне ня будзе пераможцы, давайце пагутарым, сядзем за стол перамоваў».

Эдуард Нарышкін ня стаў камэнтаваць сытуацыю ў краіне і адказваць на пытаньне, ці прызнае партыя вынікі выбараў, бо «не ўпаўнаважаны рабіць такія заявы».

«Мы хочам, каб спыніўся гвалт і селі за стол перамоваў. А потым будзем высьвятляць, хто і што парушыў, зь якога боку. Павінна быць вяршэнства закону, а не эмоцыяў і „паняціяў“».

Паводле Нарышкіна, падтрымана таксама і прапанова аб правядзеньні выбараў у бліжэйшыя 6 месяцаў.

«Трэба зрабіць так, як належыць, а ня так, як атрымалася», сказаў ён.

«Грамадзянская супольнасьць стала на галаву вышэй за палітычны працэс»

Лідэр Рэспубліканскай партыі Ўладзімер Белазор сказаў Свабодзе, што ад імя партыі ўчорашнюю рэзалюцыю падпісаў сябра цэнтральнага праўленьня партыі Дзьмітры Кармазін. У дыскусіі бралі ўдзел яшчэ два прадстаўнікі. Сам Уладзімер Белазор быў у ад’езьдзе, але пункты рэзалюцыі яму вядомыя, «практычна ўвесь сьвет з гэтым згодны».

«Трэба шукаць шляхі выхаду зь цяперашняй сытуацыі. Грамадзянская супольнасьць стала на галаву вышэй за палітычны працэс. Сьвядомасьць паднялася на высокі ўзровень, таму тут трэба ўсім вельмі сур’ёзна разьбірацца», — сказаў Белазор.

Выйсьце з цяперашняй сытуацыі ў краіне ён бачыць у дыялёгу.

«Калі паглядзець на вуліцу, то яна ператвараецца ў фэст, але за гэтымі шэсьцямі няма выніку. Выявілася, што па сваім узроўні сьвядомасьці народ апярэдзіў і палітычныя партыі, і палітычны працэс, які ў нас у сутнасьці і не разьвіўся па-сапраўднаму. А выйсьце трэба шукаць, прыходзіць да дыялёгу, вызначыць пункты, што цяпер неабходна краіне, бо цяпер паўстала пытаньне, якой будзе краіна».

Паводле Белазора, трэба прыйсьці да згоды: альбо гэта будзе канстытуцыйная рэформа, альбо гэта будуць новыя выбары. Ён мяркуе, што заклік да страйку — «гэта быў парыў адчаю, але страйк ня вырашыць праблему».

Уладзімер Белазор кажа, што грамадзянскай вайны ў краіне не павінна быць, «трэба шукаць дыялёг, які б задаволіў усе бакі».

Пра вынікі выбараў Белазор кажа, што ня можа сьцьвярджаць, было 80% за Лукашэнку ці не, мо было і 60%, тут патрэбна «карпатлівае дасьледаваньне».

«Калі ўжо гэтае пытаньне зайшло далёка, калі сытуацыя не супакойваецца, трэба шукаць дыялёг». Што да прапановы правесьці новыя выбары ў 6-месячны тэрмін, старшыня партыі мяркуе, што гэта, магчыма, так і будзе.

«Калі вырашаць пытаньне, то чаму б і не правесьці. І я думаю, і ўлада пагадзілася б, але рашэньні трэба прымаць канстытуцыйна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG