Рада NATO на ўзроўні паслоў зьбярэцца сёньня на экстранную нараду, каб абмеркаваць сытуацыю ў сувязі з атручэньнем расейскага апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага рэчывам з групы «Новичок». Пра гэта паведаміла ў твітэры афіцыйная прадстаўніца NATO.
Чакаецца, што пасьля пасяджэньня генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг зробіць афіцыйную заяву, у якой будзе заклікаць расейскія ўлады правесьці дбайнае расьсьледаваньне гэтага злачынства. Раней Столтэнбэрг назваў атручэньне Навальнага «шокавым» і заявіў, што NATO разглядае якое-кольвечы ўжываньне хімічнай зброі як пагрозу міжнароднаму міру і бясьпецы.
Да сумеснай міжнароднай рэакцыі на атручэньне Навальнага заклікаў і Эўрапейскі Зьвяз. ЭЗ самым рашучым чынам асуджае спробу забойства расейскага палітыка і пакідае за сабой права на адпаведныя дзеяньні, у тым ліку на ўвядзеньне санкцыяў. Пра гэта гаворыцца ў заяве кіраўніка эўрапейскай дыпляматыі Жузэпа Бурэля.
У сераду ўрад Нямеччыны са спасылкай на лябараторыю Бундэсвэру заявіў, што Аляксей Навальны быў атручаны рэчывам, сваім складам падобным да распрацаванай у Савецкім Саюзе баявой хімічнай зброі «Новичок». Яно, паводле зьвестак брытанскіх уладаў, выкарыстоўвалася пры замаху ў Солсбэры у 2018 годзе на былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля і яго дачку.
Расея заявіла, што не атрымлівала ад нямецкіх уладаў доказаў атручваньня Навальнага. Прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў заявіў, што ў Крамлі ня бачаць падставаў для абвінавачваньняў на адрас Расеі. Масква зацікаўленая ў высьвятленьні прычын таго, што адбылося, і спадзяецца неўзабаве атрымаць інфармацыю з Бэрліну аб выніках дасьледаваньняў нямецкіх спэцыялістаў, падкрэсьліў Пяскоў.