Вырастуць базавая велічыня, базавая стаўка і мінімальны заробак
1 студзеня памер базавай велічыні павялічыцца на 2 рублі — 42 рублёў. Разам з гэтым вырасьце памер шэрагу відаў дапамогі, стыпэндыяў, падаткаў і збораў, штрафаў ды іншых выплатаў.
Таксама з 1 студзеня базавая стаўка для аплаты працы ў бюджэтнай сфэры вырасьце з 253 рублёў да 270 рублёў, а мінімальны месячны заробак складзе 726 рублёў (рост на 100 рублёў).
Камунальныя плацяжы павысяцца
Традыцыйна ў студзені павінныя вырасьці тарыфы на камунальныя паслугі. Рост «камуналкі» за год не павінен перавысіць 0,5 базавай велічыні, гэта значыць ня больш за 21 рубель.
Візы падаражэюць
Пачынаючы з 1 студзеня збор за выдачу польскай нацыянальнай візы (тып D) складзе 60 эўра замест цяперашніх 35 эўра. Ад збору вызваляецца шэраг катэгорыяў, у тым ліку падлеткі да 19 гадоў і грамадзяне Беларусі, якія зьвяртаюцца па гуманітарную візу.
Падаткі вырастуць і зьменяцца
У юрыдычных і фізычных асобаў пры атрыманьні прыбытку звыш 25 мільёнаў рублёў за год стаўка падатку на прыбытак з 1 студзеня павялічыцца да 25 %. Павышаная стаўка падаходнага падатку ў 25 % будзе ўжывацца ў дачыненьні да часткі даходаў фізычных асобаў, якія перавысяць 220 тысячаў руюлёў за каляндарны год. Таксама павялічацца стаўкі акцызаў на тытунь і алькаголь.
Апрача таго, вырасьце падатак на першую кватэру. Ён разьлічваецца так: плошча жытла памнажаецца на стаўку падатку (0,1 %) і разьліковы кошт квадратнага мэтра, які залежыць ад рэгіёну краіны. Стаўка падатку вырасьце на 5,4 %: у Менску — з 968 рублёў 1020 рублёў, у абласных цэнтрах — з 806 рублёў 850 рублёў, а ў буйных райцэнтрах — з 710 рублёў да 748 рублёў.
Стаўка транспартнага падатку для аўтаўладальнікаў легкавікоў масай да 1,5 тоны павялічыцца з 66 рублёў да 70 рублёў.
Уладальнікі пэўных прэміяльных аўтамабіляў з 2025 году будуць плаціць транспартны падатак паводле ставак, павялічаных у 10 разоў.
На даходы фізычных асобаў з крыптавалюты давядзецца заплаціць падатак паводле стаўкі 13 %. Калі гэта даход ад апэрацыі, учыненай з дапамогай рэзыдэнта ПВТ, плаціць падатак не трэба.
Стандартны падатковы вылік павялічыцца да 192 рублёў, калі заробак не перавышае 1164 рублёў(цяпер 174 і 1054 рублёў адпаведна). Павялічацца і сумы падатковых вылікаў за дзіця ці жонку ў дэкрэце. Вылік для маладых спэцыялістаў павялічаць з 620 рублёў да 730 рублёў.
Крытэр выручкі для ўжываньня спрошчанай сыстэмы падаткаабкладаньня павялічаны да 3,5 мільёнаў рублёў.
Сума, якую можна атрымаць за год у якасьці падарунку і не плаціць падаткі, у 2025 годзе павялічыцца да 11516 рублёў (у 2024-м — 10 431 рублёў). Пры перавышэньні гэтай сумы трэба заплаціць 13% падаходнага падатку.
Скарачэньне выплатаў беспрацоўным
З 1 студзеня зьявіцца магчымасьць рэгістрацыі грамадзян у якасьці беспрацоўных ня толькі па месцы жыхарства, але і па месцы знаходжаньня. Аднак з 18 да 12 месяцаў скарачаецца пэрыяд знаходжаньня на ўліку ў якасьці беспрацоўнага. Таксама скарачаюцца пэрыяды выплаты дапамогі па беспрацоўі з шасьці да трох месяцаў. Пэрыяд у паўгода захаваецца толькі для тых беспрацоўных, якім засталося менш за пяць гадоў да пэнсійнага ўзросту, і хто жыве на тэрыторыях з напружанай сытуацыяй на рынку працы.
Зьмены ў дапамогах на дзяцей
З 1 студзеня зьменіцца разьлік выплаты дапамогі на дзяцей. Таксама ўдакладняецца месца іх прызначэньня для тых, хто самастойна плаціць у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН).
Дзецям-інвалідам у выпадку сьмерці аднаго з бацькоў устанаўліваецца дадатковае павышэньне да пэнсіі з улікам ступені страты здароўя ад 80% да 110% бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ). Таксама павышэньне па гэтай падставе прадугледжана і для інвалідаў з дзяцінства I і II групы, старэйшых за 18 гадоў, калі карміцель памёр да іх паўналецьця, у памеры 110% і 95% БПМ адпаведна.
Зьмены ў сямейны капітал
З 1 студзеня датэрмінова выкарыстоўваць сямейны капітал пры ўзьвядзеньні жыльля ў шматкватэрных жылых дамах змогуць самастойна без накіраваньня мясцовага органа ўлады. Таксама сродкі сямейнага капіталу могуць быць выкарыстаныя датэрмінова на пагашэньне крэдытаў, прадастаўленых на будаўніцтва жыльля, незалежна ад віду крэдыту і даты заключэньня крэдытнай дамовы.
Пэнсіянэрам, якія працуюць, аддадуць пэнсіі
З 1 студзеня скасоўваюць абмежаваньні пэнсій працуючым пэнсіянэрам. З 2025 году пэнсія будзе цалкам выплачвацца, калі чалавек пэнсійнага ўзросту працягвае працаваць. Цяпер пэнсіянэры, у якіх індывідуальны каэфіцыент заробку вышэйшы за 1,3, атрымліваюць пэнсію не цалкам. Для тых, у каго каэфіцыент ніжэйшы за 1,3, нічога ня зьменіцца.
Скароціцца дапамога на пахаваньне
У студзені на 32 рублі скароціцца дапамога на пахаваньне. Яе велічыня пераглядаецца кожны месяц, залежыць яна ад паказчыка сярэдняга заробку ў Беларусі за пазамінулы месяц, калі лічыць ад даты сьмерці.
Абавязак прыбіраць за сабакамі
З 1 студзеня ўступаюць у сілу асобныя палажэньні закона «Аб адказным абыходжаньні з жывёламі». Так, заводчыкаў і гадавальнікаў абавяжуць чыпаваць жывёл да іх рэалізацыі. Для барацьбы з вандроўнымі жывёламі уладальнікаў жывёл абавяжуць не дапускаць зьяўленьня непажаданага прыплоду. Уводзіцца неадкладная прыборка ўладальнікамі прадуктаў жыцьцядзейнасьці жывёлы (акрамя сабакі-павадыра) падчас знаходжаньня з жывёлай па-за домам. Забараняецца прадаваць небясьпечныя пароды сабак асобе, якая не дасягнула 18 гадоў.
Узаемнае прызнаньне візаў
Пагадненьне аб узаемным прызнаньні візаў паміж Беларусьсю і Расеяй павінна запрацаваць у сярэдзіне студзеня. Яно было падпісана яшчэ ў 2020 годзе, але чатыры гады бакі займаліся вырашэньнем тэхнічных пытаньняў.
Адзіная аўтастрахоўка з Расеяй
Адзіная сыстэма аўтастрахаваньня запрацуе ў Беларусі і Расеі з 1 студзеня. Цяпер правам на заключэньне дамовы АСАГА могуць надзяляцца выключна страхавальнікі з месцам сталага знаходжаньня ў Расеі ці Беларусі. Сам аўтатранспартны сродак павінен быць зарэгістраваны на іх тэрыторыі. У выпадку ДТЗ пакрыцьцё стратаў будзе вызначацца паводле заканадаўства той краіны, дзе адбылося здарэньне.
Зьмены ў прышчэпках
З 1 студзеня дзяўчынак ва ўзросьце 11 гадоў пачнуць прышчапляць супраць вірусу папіломы чалавека. Таксама ў нацыянальны каляндар прафіляктычных прышчэпак увойдуць дадатковыя прышчэпкі ад кохліку дзяцей ва ўзросьце 6 гадоў і ад пнеўмакокавай інфэкцыі для дзяцей на першым годзе жыцьця.
Спрашчэньне для гастарбайтэраў
З 1 студзеня пашыраецца пералік прафэсій, на якія могуць прыцягвацца замежныя грамадзяне для працы ў Беларусі ў спрошчаным парадку. Наймальнікам дастаткова паведаміць аб такім працаўніку ў органы ўнутраных спраў. У сьпіс дадалі манцёра шляхоў, прадаўца, сьлесара-сантэхніка, інжынэра-электроніка, тэхніка, электрамэханіка. Усяго пералік уключае 59 пазыцый.
Форум