«Маршы новай Беларусі» ў Менску і іншых гарадах, міністар абароны паабяцаў ужыць супраць пратэстоўцаў армію. Найважнейшае за 23 жніўня
Акцыі пратэсту адбыліся ў шэрагу гарадоў Беларусі: самыя вялікія акцыі адбыліся ў Гомлі, Горадні, Магілёве і ў Менску. У «Маршы новай Беларусі» ў сталіцы ўзялі ўдзел дзясяткі тысяч чалавек.
У межах «Маршу новай Беларусі» маніфэстанты рушылі ў бок Палаца Незалежнасьці, але іх рух быў спынены сілавымі структурамі.
Стэлу на праспэкце Пераможцаў у Менску абгарадзілі калючым дротам, яе ўзялі пад ахову вайскоўцы.
Блізкі да Аляксандра Лукашэнкі тэлеграм-канал «Пул первого» выклаў відэа, на якім бачна, як ён прыляцеў у палац Незалежнасьці на верталёце. Лукашэнка выйшаў у бронікамізэльцы і з аўтаматам у руках (праўда, без магазына з патронамі).
Міністар абароны Віктар Хрэнін заявіў, што «ня можа спакойна глядзець», як акцыі пратэсту праходзяць каля мэмарыялаў і помнікаў Другой сусьветнай вайны «пад сьцягамі, пад якімі фашысты арганізоўвалі масавыя забойствы». Ён прыгразіў, што ў выпадку «парушэньня парадку і спакою ў гэтых месцах вы будзеце мець справу не зь міліцыяй, а з арміяй».
Таксама Хрэнін заявіў, што ў сытуацыі, якая склалася, дзеяньні сілавога блёку Рэспублікі Беларусь па стабілізацыі абстаноўкі могуць быць пададзеныя як генацыд уласнага народу і скарыстаныя ў якасьці падставы для зьмены палітычнага курсу Рэспублікі Беларусь сілавым шляхам.
З тэлеканалу АНТ сышоў вядоўца і кіраўнік прэзыдэнцкага пулу журналістаў Дзьмітры Семчанка. У Інстаграме ён патлумачыў свой сыход: «Як я магу гаварыць з экрана пра „наркаманаў і беспрацоўных, якія запаланілі вуліцы“, калі нашых дзяўчат гвалтуюць у аўтазаках, разрываюць ім яечнікі і маткі, пазбаўляючы магчымасьці стаць мамамі», — напісаў журналіст.
Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў сёньня, што «сытуацыя ў Беларусі нармалізуецца» і што Расея ня будзе супраць любога рашэньня, якое прыме беларускае кіраўніцтва адносна дыялёгу са сваім народам.
Дзясяткі тысяч людзей у Літве сталі ў жывы ланцуг ад Вільні да мяжы зь Беларусьсю.
Кіраўнік дыпляматыі ЭЗ Жузэп Бурэль заявіў : «Мы не прызнаем Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам, як і не прызнаем Нікаляса Мадуру прэзыдэнтам Вэнэсуэлы. Аднак, падабаецца нам гэта ці не, яны кантралююць урад, і мы мусім працягваць весьці зь імі справы, нягледзячы на тое, што не прызнаем іх дэмакратычнай легітымнасьці».
NATO назвала заявы Лукашэнкі пра вонкавую пагрозу беспадстаўнымі — пра гэта заявіла прэсавая сакратарка альянсу Аана Люнджэску.
АДКБ не атрымлівала запытаў ад Беларусі на аказаньне вайсковай дапамогі — пра гэта заявіў заявіў генэральны сакратар арганізацыі Станіслаў Зась.