Блізкі да Аляксандра Лукашэнкі тэлеграм-канал «Пул первого» выклаў відэа, на якім бачна, як ён прыляцеў у палац Незалежнасьці на верталёце. Відэа зьявілася ў 19.33.
Лукашэнка выйшаў у бронікамізэльцы і з аўтаматам у руках (праўда, без магазына з патронамі).
Раней некалькі тысяч пратэстоўцаў накіраваліся ад стэлы ў бок Палаца Незалежнасьці, дзе іх чакаў кардон з тысячы узброеных сілавікоў, спэцтэхніка і вадамёты. Канфліктаў не было.
Калі людзі пачалі разыходзіцца, верталёт, зь якога пазьней выйшаў Лукашэнка, праляцеў над пратэстоўцамі.
Пазьней згаданы тэлеграм-канал апублікаваў відэа, зьнятае на борце верталёту Лукашэнкі. На запісе чуваць голас імаверна Лукашэнкі, які кажа, пралятаючы над праспэктам Пераможцаў: «Як пацукі разьбегліся».
Сёньня ў «Маршы новай Беларусі» ў Менску ўзялі ўдзел сотні тысяч чалавек. Мірныя маніфэстацыі прайшлі ў многіх гарадах Беларусі.