Кіраўнік дыпляматыі ЭЗ Жузэп Бурэль заявіў, што Эўразьвяз павінен працягваць працаваць з Лукашэнкам як прадстаўніком улады ў Беларусі, нягледзячы на тое, што эўрасупольнасьць не прызнае яго прэзыдэнтам краіны.
«Мы не прызнаем Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам, як і не прызнаем Нікаляса Мадуру [прэзыдэнтам Вэнэсуэлы]. Мы не прызнаем, што яны былі абраныя законна. Аднак, падабаецца нам гэта ці не, яны кантралююць урад, і мы мусім працягваць весьці зь імі справы, нягледзячы на тое, што не прызнаем іх дэмакратычную легітымнасьць», — заявіў Бурэль у інтэрвію газэце El Pais.
Ён таксама падкрэсьліў, што ў ЭЗ няма плянаў праводзіць у Беларусі тую ж палітыку, што і ва Ўкраіне, нягледзячы на папрокі ў гэтым з боку РФ.