На мінулым тыдні тэлеканал АНТ пакінуў вядоўца і колішні кіраўнік прэзыдэнцкага пулу журналістаў Дзьмітры Семчанка. Цяпер ён растлумачыў, што падштурхнула да такога рашэньня.
«Калі я ўбачыў, як зьнішчаюць беларускі народ, зразумеў, што ўжо ніколі не змагу маўчаць. Інакш буду жывым трупам! Мая Беларусь і людзі, якія тут жывуць, для мяне найвышэйшая каштоўнасць, — напісаў ён у Інстаграме. — Як я магу гаварыць з экрана пра „наркаманаў і беспрацоўных, якія запаланілі вуліцы“, калі нашых дзяўчат гвалтуюць у аўтазаках, разрываюць ім яечнікі і маткі, пазбаўляючы магчымасці стаць мамамі. Калі хлопцам, якія ляжаць на зямлі, б’юць паміж ног да таго часу, пакуль там усё не ператвараецца ў месіва».
Паводле Семчанкі, ён мог бы знайсьці тысячу прычынаў апраўдаць сябе, прыкрыцца страхам за сям’ю і маленькае дзіця, паверыць кіраўнікам, якія абяцаюць пачаць паказваць усю праўду. Але ня змог.
«Калі 50 скалечаных людзей у маленькай камэры на пяцярых ня могуць паварушыцца і ходзяць пад сябе, а іх пры гэтым труцяць газам. Суткамі не даюць есьці і піць. Б’юць! Б’юць! Б’юць! Калі людзей складваюць адзін на аднаго ў тры пласты і скачуць па іх, ламаючы рукі, ногі, хрыбетнікі. Калі расстрэльваюць бяззбройных з паднятымі рукамі. Калі дубінкамі разбіваюць шкло ў машыне з маленькім дзіцем, тараняць яе браневіком. Генацыд, за які каты ад свайго галоўнакамандуючага атрымалі мэдалі!», — патлумачыў сваё рашэньне экс-кіраўнік прэзыдэнцкага пулу.