Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Марш новай Беларусі» ў Менску. СТРЫМ СВАБОДЫ


Калёны жыхароў Менску ў цэнтры гораду на «Маршы новай Беларусі», 23 жніўня 2020 года.
Калёны жыхароў Менску ў цэнтры гораду на «Маршы новай Беларусі», 23 жніўня 2020 года.

А 14 гадзіне ля Дому ўраду ў Менску пачалася чарговая акцыя прыхільнікаў пераменаў у Беларусі, якія выступаюць за спыненьне гвалту з боку сілавікоў, вызваленьне палітвязьняў і новыя прэзыдэнцкія выбары. Акцыя атрымала назву «Марш новай Беларусі».

Свабода вядзе жывы відэарэпартаж з падзеі.

9 жніўня ў Беларусі прайшлі прэзыдэнцкія выбары, людзі абурыліся іх вынікамі, нядопускам назіральнікаў і гвалтоўным разгонам дэманстрантаў. Супраць людзей ужывалі гумавыя кулі, сьвятлашумавыя гранаты і сьлезацечны газ з 9 па 12 жніўня. Паводле афіцыйных зьвестак, тры чалавекі загінулі, сотні параненыя, затрыманыя 7000 чалавек, многія зь іх заявілі пра міліцэйскі гвалт і катаваньні. Акцыі пратэсту праходзяць у Менску ды іншых гарадах вось ужо другі тыдзень штодня.

19.55 Ад Стэлы арганізавана адвялі салдат унутраных войск. Агароджа з калючага дроту пакуль застаецца.

19.25 Ад адміністрацыі Лукашэнкі адводзяць вадамёты, іншую спэцтэхніку і АМАП са шчытамі.

Каля Стэлы салдаты ў ачапленьні ўсё яшчэ стаяць. Да іх актыўна падыходзяць дэманстранты і пра нешта гутараць.

19.20 Людзі вяртаюцца ад Стэлы ў цэнтар горада. Калёна заняла ўвесь праспэкт Пераможцаў. Тысячы людзей ідуць са сьцягамі, крычаць «Перамога». Іх вітаюць машыны.

Каля 19.00 З тэрыторыі Палаца незалежнасьці выляцеў верталёт урадавай расфарбоўкі, зрабіў кола над заводам «Атлянт» і вярнуўся. Людзі віталі яго крыкамі «Ўлятай!», перадае карэспандэнт Свабоды.

Пазьней блізкі да Аляксандра Лукашэнкі тэлеграм-канал «Пул первого» выклаў відэа, на якім бачна, як ён прыляцеў у палац Незалежнасьці на верталёце — у бронікамізэльцы і з аўтаматам у руках (праўда, без магазына з патронамі). Раней відавочцы паведамлялі, што верталёт праляцеў над пратэстоўцамі.

18.53 Людзі каля Палаца незалежнасьці разьвярнуліся, ідуць ад сілавікоў назад у бок Стэлы, перадае карэспандэнт Свабоды. На разьвітаньне крычаць «Кожны дзень».

18.40 Паміж пратэстоўцамі і сілавікамі пад Палацам незалежнасьці ў Менску застаецца каля 30 мэтраў. Дэманстранты не прадпрымаюць ніякіх дзеяньняў, перадае карэспандэнт Свабоды.

Дзьве жанчыны сталі на калені з абразом паміж людзьмі і АМАПам, моляцца.

18.25 Ля рэзыдэнцыі Лукашэнкі (Палац незалежнасьці) напружана: людзі падыходзяць да ланцуга АМАПу, яны крычаць салдатам: «Апусьці шчыты, ты даваў прысягу»! Паміж імі 50 мэтраў. АМАП не рэагуе. Карэспандэнт Свабоды налічыў 3 вадамёты. На праспэкце Пераможцаў дзясяткі тысяч пратэстоўцаў.

18.18 Паміж дэманстрантамі і АМАПам застаецца каля 100 мэтраў, перадае карэспандэнт Свабоды. Людзі набліжаюцца, крычаць: «Трыбунал». АМАПу са шчытамі каля 1000 чалавек, за імі вадамёты і спэцтэхніка.​

18.00 АМАП і ўнутраныя войскі перагарадзілі праспэкт Пераможцаў у раёне выставачнага цэнтру «БелЭкспа». Карэспандэнт Свабоды налічыў перад «БелЭкспа» некалькі соцень вайскоўцаў і АМАПу. Людзі занялі цалкам праспэкт, іх некалькі тысяч. Галава іх калёны знаходзіцца ля заводу «Атлянт» і бізнэс-цэнтру «Вікторыя», да шэрагаў АМАПу яшчэ мэтраў 500.

Дадатковае ачапленьне каля Палаца незалежнасьці ў Менску
Дадатковае ачапленьне каля Палаца незалежнасьці ў Менску

17.55 Нехта з дэманстрантаў ля Стэлы ўзьняў на дроне вялікі бела-чырвона-белы сьцяг, даўжынёй каля 6 мэтраў. Стаяньне пратэстоўцаў насупраць вайскоўцаў працягваецца.

Частка людзей з натоўпу дэманстрантаў, некалькі тысяч чалавек, пайшлі па праспэкце Пераможцаў у бок Палацу незалежнасьці, які зьяўляецца рэзыдэнцыяй Аляксандра Лукашэнкі. Каля 10 аўтобусаў з АМАПам накіраваліся ў той жа бок.

17:50 Каля гандлёвага дому «Няміга» выступіў Павал Латушка, сябра Каардынацыйнай рады.

«Мы павінны патрабаваць правядзеньня расьсьледаваньня ўсіх фактаў гвалту з боку сілавых органаў у дачыненьні да мірных грамадзянаў», – заявіў былы чыноўнік і дыплямат Павел Латушка, сустрэўшыся з калёнай дэманстрантаў каля гандлёвага цэнтру «Няміга, 3». – Таксама мы павінны патрабаваць новых выбараў. Дадатковыя крокі, якія могуць стымуляваць улады, гэта адкліканьне дэпутатаў. Дэпутат, які маўчыць, ня наш дэпутат».

Паводле яго, дэпутаты цяпер – статысты, якія з усім згаджаюцца і не гавораць ад імя народу: «Трэба адклікаць у іх мандаты. Няхай прыходзяць тыя людзі, якія будуць гаварыць за народ».

Латушка таксама паведаміў, што, паводле яго інфармацыі, зь міліцыі ў Сьледчы камітэт перададзеныя больш за 700 адзінак матэрыялаў па фактах гвалту над грамадзянамі, і СК праводзіць праверку.

17.35 Людзі ля Стэлы стварылі на мяжы натоўпу ланцуг, яны счапіліся рукамі, каб празь яго ніхто ня мог прарвацца бліжэй да шэрагаў вайскоўцаў, да якіх застаецца 30 мэтраў дарогі. Людзі скандуюць вайскоўцам: «Вы давалі прысягу народу!» Вайскоўцы з аўтаматамі, у бронекамізэльках і касках стаяць у шэрагах бяз руху, перадае карэспандэнт Свабоды.

17:23 Каля гатэлю «Плянэта» зьявілася прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава. Яна просіць людзей не падыходзіць да вайскоўцаў, якія ачапілі стэлу.

17:20 Людзі падыходзяць да стэлы, манумэнт ачэплены вайскоўцамі і абнесены калючым дротам. Большасьць людзей канцэнтруецца на адваротным баку вуліцы, каля гатэлю «Плянэта».

17:00 Вялікая калёна дэманстрантаў падыходзіць да гатэлю «Плянэта» на праспэкце Пераможцаў, людзі ідуць спакойна, скандуюць «Шахтары!», «Выйдзі, палічы!». Людзі выказваюцца супраць апошніх словаў Лукашэнкі, якія гучалі як пагроза на адрас дэманстрантаў.

Людзі занялі горку ля «Плянэты», да абгароджанай калючым дротам стэлы «Менск – горад-герой» не ідуць. Міліцыя ля Палацу спорту з мэгафонаў заклікае грамадзян разысьціся.

16:45 Вялікая калёна людзей рухаецца праспэктам Пераможцаў у бок гатэлю «Плянэта», насупраць, каля стэлы, стаяць вайскоўцы, стэла агароджаная калючым дротам.

Частка людзей рухаецца ў бок абэліску Перамогі і вяртаецца. Каардынацыі няма, мабільнага інтэрнэту ў дэманстрантаў таксама.

16.30 Людзі ідуць праезнай часткай праспэкту Незалежнасьці праз Кастрычніцкую плошчу, паведамляе карэспандэнт Свабоды, у бок плошчы Перамогі, частка натоўпу аддзялілася і пайшла ў раён праспэкту Пераможцаў.

Тысячы чалавек, праходзячы паўз будынак МУС, скандуюць: «Караева ў турму!», маючы на ўвазе міністра ўнутраных страў Юрыя Караева. Тысячы чалавек таксама скандуюць ля будынку КДБ «Не забудзем — не даруем», «Трыбунал!», «Свабоду», «Выпускай!».

Узмоцненыя сілы АМАПу атачылі адміністрацыю прэзыдэнта на вуліцы Карла Маркса.

16:10. Калёна людзей рухаецца ў бок плошчы Перамогі. Пры гэтым іншыя калёны працягваюць ісьці да плошчы Незалежнасьці.

15:45. Пратэстоўцы занялі ўсю плошчу Незалежнасьці, а таксама праезную частку ў раёне плошчы Незалежнасьці. Калёны дэманстрантаў працягваюць сьцягвацца ў раён плошчы Незалежнасьці. Многія кажуць, што ў гэтым годзе пачалі выходзіць на палітычныя акцыю ўпершыню.

15:25. Людзі на плошчы Незалежнасьці кажуць, што «чакаюць ад Сьвяланы Ціханоўскай больш рашучых крокаў». Каб яна пачынала аддаваць каманды і каардынаваць людзей, каб яна наважылася на больш рашучыя палітычныя дзеяньні. На плошчу Незалежнасьці надалей ідуць людзі.

15:00. Сярод дэманстрантаў ёсьць людзі, якія прайшлі зьдзекі і зьбіцьцё ў ізалятары на Акрэсьціна. Яны кажуць, што іх «натхняе рэакцыя людзей», таму яны не баяцца. Іншыя дэманстранты абураныя праявамі гвалту сілавікоў супраць беларусаў.

14:53. Людзі выйшлі на праезную частку ў раёне ГУМа, яны надалей ідуць калёнамі да плошчы Незалежнасьці.

14:42. Міліцыя праз мэгафон папярэджвае, каб «не прымушалі прымяняць сілу». Людзі паводзяць сябе мірна, ніхто ня шкодзіць маёмасьць і не ідзе на сутыкненьні. Людзі ідуць да плошчы Незалежнасьці па цэнтральным менскім праспэкце. Некаторыя выйшлі на праспэкт.

14:20. З боку вуліцы Маскоўскай праз мост сілавікі не пусьцілі на плошчу Незалежнасьці невялікую калёну, іх разьвярнулі назад. Некаторыя зь іх паспрабавалі прайсьці туды іншымі шляхамі.

14:05. У Менску пачаўся «Марш новай Беларусі», людзі сьцягваюцца калёнамі да плошчы Незалежнасьці, шляхі да яе не перакрытыя. На плошчы Незалежнасьці ўжо сабраліся людзі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG