Валер Цапкала, які пакінуў Беларусь пасьля паведамленьняў ад сяброў у МУС і КДБ пра замову яго «скампрамэтаваць», даў інтэрвію расейскаму тэлеканалу «Дождь».
«А тут яшчэ высьветлілася два дні таму, што прыходзілі з пракуратуры Рэспублікі Беларусь у школу, дзе вучацца мае дзеці, пачыналі актыўна цікавіцца адным з дзяцей. Вы ведаеце пра тое, што Лукашэнка выкарыстоўвае дзяцей у якасьці інструмэнту ціску», — дадаў ён.
Валер Цапкала заклікаў Расею і міжнародную супольнасьць не дапамагаць Лукашэнку:
«Цяпер задача мая асноўная задача — паказаць проста сьвету, хто ён такі на самой справе, і зрабіць яго выгнанцам для ўсёй усясьветнай супольнасьці, — заявіў палітык. — Я ўяўляю, як будзе Пуцін на яго глядзець пасьля таго, што ён намалюе сабе галасы. Калі ўсё некалі аб гэтым здагадваліся, то цяпер будуць прадстаўленыя ўсе дакумэнты, што ён сапраўды фальсыфікуе, парушае Канстытуцыю, прычым, ён нахабна яе парушае».
«Я проста вельмі прашу і расейскае кіраўніцтва: не дапамагайце. Не дапамагайце, проста таму, што вы не дапамагаеце беларускаму народу. Я ўпэўнены, што расейскае кіраўніцтва лічыць, што яно аказвае дапамогу простым людзям, калі дае дапамогу ўраду. Не, ня простым людзям , а на ўтрыманьне вось гэтага вялізнага апарату, усе грошы туды сыходзяць», — сказаў Цапкала.
На думку Цапкалы, цяпер «крытычны, пераломны момант у гісторыі нашай краіны».
«Я зьдзіўляюся расейскаму кіраўніцтву, таму што чалавек 150 разоў іх падмануў, а яны чамусьці шчыра лічаць, што ён не падмане ў 151-ы раз, ён зноў не пачне валіць на Маскву, зноў не пачне патрабаваць нізкія цэны на энэргарэсурсы і ня будзе зь Беларусі пастаўляць крэвэтак, васьміногаў, авакада і іншую „прадукцыю“ беларускай сельскай гаспадаркі», — заявіў Цапкала.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.