У Наваполацку прайшоў мітынг Сьвятланы Ціханоўскай у парку культуры і адпачынку. Вядоўца ацаніў колькасьць удзельнікаў у некалькі тысяч.
На мітынгу прысутнічалі Сьвятлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Марыя Калесьнікава.
Сьвятлана Ціханоўская пачала сваю прамову з узгадкі пра праект Сяргея Ціханоўскага «Страна для жизни». Яна нагадала пра перасьлед свайго мужа і пра сваё рашэньне зарэгістравацца кандыдатам, калі Сяргея Ціханоўскага кінулі за краты.
Сьвятлана Ціханоўская паўтарыла, што ідзе ў прэзыдэнты, каб правесьці пры сваёй уладзе новыя, справядлівыя выбары. Яна абяцае гэта зрабіць цягам паўгода.
Ціханоўская заклікала сваіх прыхільнікаў насіць белыя стужкі на руках.
На мітынг прыйшлі людзі як зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, так і зь дзяржаўнымі.
Вераніка Цапкала падчас свайго выступу нагадала, што яе мужу Валеру Цапкалу пагражаў арышт у Беларусі. А да настаўнікаў двух першаклясьнікаў, дзяцей Веранікі і Валерыя, «прыйшлі супрацоўнікі пракуратуры і прасілі настаўніц напісаць заяву». Паводле Веранікі Цапкалы, гэта знак таго, што дзяцей маглі забраць. Таму Валер Цапкала выехаў разам зь дзецьмі ў Расею.
«Улада карыстаецца любымі сродкамі, каб аказаць на нас ціск. Сёньня яны гэта робяць у адносінах да мяне, заўтра зробяць у адносінах да кожнага з нас. Паглядзіце, што за ўсе гады зь Беларусі зьехалі 750 тысяч беларусаў», — сказала Вераніка Цапкала.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.