Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяну Севярынец аштрафавалі на 810 рублёў за лёзунгі «Жыве Беларусь!» і «Стоп таракан!»


Belarus - Tacciana Sieviaryniec, Feb26th, 2017
Belarus - Tacciana Sieviaryniec, Feb26th, 2017

Актывістку БХД, маці палітыка Паўла Севярынца Тацяну Севярынец аштрафавалі на 810 рублёў. Такое рашэньне прыняў суд Чыгуначнага раёну Віцебску.

22 ліпеня судзьдзя Дзяніс Аляксеенка пастанавіў пакараць Тацяну Севярынец штрафам у 810 рублёў, бо яна «прымала актыўны ўдзел у недазволеных уладамі масавых мерапрыемствах 31 траўня і 7 чэрвеня», — паведамляе сайт Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Паводле складзенага маёрам Склімянком пратаколу, Тацяна Севярынец «публічна выказвала свае асабістыя і грамадзка-палітычныя інтарэсы, скандавала лёзунгі «Жыве Беларусь!» і «Стоп таракан!».

На пярэчаньні Тацяны Севярынец, што гэта быў пікет па зборы подпісаў, дазволены заканадаўствам, судзьдзя не адрэагаваў. Суд вынес рашэньне аб штрафе ў 30 базавых велічыняў (810 рублёў).

22 ліпеня Паўла Севярынца абяцалі выпусьціць з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на менскім завулку Акрэсьціна. Пра гэта паведамілі ягонай жонцы Вользе. Але на волю палітык так і ня выйшаў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG