22 ліпеня палітыка Паўла Севярынца так і ня вызвалілі зь менскага цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна пасьля 45 сутак арышту, як чакалі блізкія пасьля званку ў ЦІП.
Раніцай 22 ліпеня жонка Паўла Севярынца Вольга паведаміла БелаПАН, што яго маці Тацяна Севярынец тэлефанавала на Акрэсьціна, дзе ёй сказалі, што Паўла неўзабаве вызваляць. Праз пару гадзін Вольга таксама ім патэлефанавала, ёй таксама «спакойна адразу пацьвердзілі, што яго сёньня вызваляюць — па завяршэньні тэрміну».
Калі ў Паўла Севярынца павінен быў скончыцца тэрмін чарговага адміністрацыйнага арышту (а 16-й гадзіне), да Акрэсьціна прыйшлі каля 70 чалавек, каб сустрэць палітыка. Сярод іншых — жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч, паэт Уладзімер Някляеў, актор Павал Харланчук.
Вольга Севярынец удакладніла ў дзяжурнага, калі варта чакаць вызваленьня Паўла, на што ёй параілі зьвяртацца ў прэс-службу менскай міліцыі. Празь дзьве гадзіны чаканьня яна зноў патэлефанавала дзяжурнаму — той сказаў, што Севярынец па-ранейшаму ў іх і сёньня яго ня вызваляць.
«Я ня ведаю, што ў іх там адбываецца. Можа быць, яны там самі заблыталіся ў сутках Севярынца, якіх ужо пад сто набралася. Мне цяжка зразумець лёгіку гэтых людзей», — сказала Вольга Севярынец.
Афіцыйная прадстаўніца МУС Вольга Чамаданава ў камэнтары БелаПАН выказала здагадку, што жонка Севярынца «недачула», што ёй сказалі з нагоды яго вызваленьня.
«У мяне пытаньне, хто ёй гэта паведаміў, — сказала яна. — У нас ніхто такога ня мог сказаць, таму што ўсе ведаюць, што яго не адпускаюць. Адкуль яны гэта ўзялі, я не разумею. Можа, яна недачула? Яна не запісала размовы?»
«Можа, ён ёй адказаў, што ня сёньня, а яна пачула, што сёньня. <...> Калі-небудзь яго, зразумела, адпусьцяць, але тое, што ня сёньня — гэта адназначна. Я ня ведаю тэрмінаў, колькі яму там засталося, але дакладна ведаю, што гэта ня сёньня», — заявіла Чамаданава.
Палітыка арыштавалі недалёка ад дома пасьля пікету ля Камароўскага рынку ў Менску 7 чэрвеня.
Севярынца падчас арышту судзілі некалькі разоў праз скайп. Падчас аднаго з судоў ён паведаміў, што парэзаў сябе руку на знак пратэсту супраць нялюдзкіх умоў утрыманьня. Увесь гэты час жонка Севярынца Вольга не атрымлівала ад яго лістоў.
Іншыя людзі, якія выходзілі з ізалятара часовага ўтрыманьня на менскім завулку Акрэсьціна, казалі, што зьняволеным не даюць матрацаў. Павал Севярынец мусіў падкладаць пад галаву замест падушкі бутэльку зь пітной вадой.
Апошні суд над палітыкам адбыўся 8 ліпеня, тады яму прысудзілі яшчэ 15 дзён арышту, разам ня менш за 105 дзён. Севярынца прызналі палітычным зьняволеным. Гэта значыць, Паўла Севярынца могуць зноў арыштаваць, каб ён даседзеў астатнія суткі ў любы момант.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.