Якуцкага шамана Аляксандра Габышава, які зьбіраўся ў Маскву, каб выгнаць Пуціна, выпісалі з псыханэўралягічнага дыспансэру.
На просьбу ягоных адвакатаў была праведзеная псыхіятрычная экспэртыза і 22 ліпеня мэдычная камісія прыняла рашэньне, што прымусова ўтрымліваць Габышава ў шпіталі няма неабходнасьці.
5 жніўня адбудзецца паседжаньне аб апэляцыі на адмову прызнаць незаконнай прымусовую шпіталізацыю шамана ў псыхдыспансэр.
Рашэньне аб прымусовай шпіталізацыі Аляксандра Габышава суд прыняў 2 чэрвеня, хоць шаман знаходзіўся ў дыспансэры ад сярэдзіны траўня. Лекарская камісія выдала заключэньне аб небясьпецы пацыента для сябе і навакольных. Гэта адбылося пасьля таго, як ён падаў заяву на імя галоўнага лекара пра адмову ад далейшай шпіталізацыі.
У судовым рашэньні ня быў пазначаны тэрмін прымусовай шпіталізацыі. У акце аб стане яго здароўя толькі ўказвалася, што ён пакутуе ад «пераацэнкі сваёй асобы» і тое, што «заклікаў да зьвяржэньня законна выбранай улады».
Аляксандар Габышаў у сакавіку 2019 году выправіўся зь Якуцку ў Маскву для правядзеньня «абраду выгнаньня Пуціна». Яго затрымалі 19 верасьня на мяжы Бураціі і Іркуцкай вобласьці. Ён быў вернуты дадому і зьмешчаны ў псыханэўралягічны дыспансэр. Супраць шамана завялі крымінальную справу за заклікі да экстрэмізму.
Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» прызнаў Аляксандра Габышава палітычным вязьням. Праваабаронцы лічаць, што шамана перасьледуюць і пазбаўляюць свабоды за ягоныя палітычныя і рэлігійныя перакананьні.