Да якуцкага шамана Аляксандра Габышава, якога зьмясцілі ў псыханэўралягічны дыспансэр, прыходзілі людзі ў цывільным і патрабавалі адмовіцца ад паходу на Маскву. Пра гэта паведамляе ў сваім Тэлеграм-канале расейскі праваабарончы праект «Правозащита Открытки».
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Габышава мелі намер зьмясціць у абсэрвацыю, але выявілася, што ў дыспансэры яе няма. Як паведаміў сам шаман, яму даюць прэпараты са снатворным эфэктам.
12 траўня Габышава затрымалі сілавікі і завезьлі ў псыхіятрычны шпіталь. Дом шамана ў Якуцку штурмавалі ня менш за 20 супрацоўнікаў спэцназу.
Габышаў стаў вядомы вясной 2019 году, калі адправіўся пешшу ў Маскву для правядзеньня абраду выгнаньня прэзыдэнта Расеі Уладзімера Пуціна з Крамля.
Ён быў затрыманы з прыцягненьнем спэцназу 19 верасьня на мяжы Бураціі і Іркуцкай вобласьці. Ён стаў падазраваным у крымінальнай справе за заклікі да экстрэмізму. Зь яго ўзялі падпіску аб нявыезьдзе. Псыхоляга-псыхіятрычная экспэртыза, зробленая на замову сьледзтва, прызнала Габышева псыхічна хворым.
Пасьля гэтага Габышаў спрабаваў аднавіць паход і абяцаў зрабіць гэта зноў у чэрвені. Крымінальная справа супраць яго прыпыненая на час эпідэміі. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала яго вязьнем сумленьня.
«Тое, што адбываецца, можа выглядаць нерэальным, але насамрэч гэта чарговы прыклад жорсткага задушэньня правоў чалавека ў сучаснай Расеі», — адзначылі ў арганізацыі.