Міліцыя і АМАП спрабавалі схапіць раварыстаў, але людзі ўсё ж здолелі праехаць па горадзе каля 30 кілямэтраў. У прабегу прынялі ўдзел каля 20 чалавек.
17 ліпеня ў Гомлі ўвечары прайшоў роварны прабег на знак салідарнасьці з палітзьняволенымі, паведамляе БелаПАН.
У прабегу прынялі ўдзел каля 20 чалавек, а міліцыя і АМАП спрабавалі перашкодзіць раварыстам.
«Мы плянавалі збор ля Лядовага палаца. У выніку, калі прыехалі на кропку збору, там ужо былі супрацоўнікі міліцыі і АМАП у традыцыйным сінім мікрааўтобусе. Мы вырашылі зьмяніць месца збору і пераехалі на новую лякацыю ў мікрараёне Стары Аэрадром. Але і там нас ужо чакалі і пачалі выціскаць з пляцоўкі. Супрацоўнікі міліцыі рушылі ў наш бок, у выніку мы разьехаліся па дварах, хто куды. Яны — за намі», — паведаміў адзін з удзельнікаў роварнага прабегу.
У выніку, раварысты ўсё ж здолелі праехаць каля 30 кілямэтраў з улікам уцёкаў ад міліцыянтаў. Удзельнікі заклікалі міліцыю «заняцца рэальнымі справамі, а не ганяцца за раварыстамі».
У Беларусі 25 чалавек праваабаронцы прызналі палітзьняволенымі. Сярод іх прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта, якому адмовілі ў рэгістрацыі Віктар Бабарыка і ягоны сын Эдуард, блогер Сяргей Ціханоўскі, муж кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер Ігар Лосік ды іншыя.