Некалькі бабруйскіх Тэлеграм-каналаў прапанавалі ахвотным 9 ліпеня зладзіць роварны прабег салідарнасьці па цэнтральнай вуліцы Менскай.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Да прызначанага часу 19:00 на ўсёй вуліцы Менскай і сумежных зь ёй было шмат пешых і аўтамабільных патрулёў міліцыі і ДАІ.
Шматлікіх раварыстаў спынялі групамі і па адным нібыта для праверкі ровараў у базе скрадзеных. Калі ў адным месцы затрыманых «для праверкі» было ўжо шмат, іншыя маглі спакойна праехаць міма.
Відавочцы паведамляюць, што некаторых спыненых разам з роварамі забіралі ў міліцэйскія машыны.
А першым затрымалі юнака бяз ровара — на меркаваным месцы старту прабегу, на рагу вуліц Менскай і 50-годзьдзя ВЛКСМ. Ён проста стаяў каля крамы і чакаў сяброў. Хлопца павялі ў машыну, патлумачыўшы, што шукаюць выкрадальніка ровара.
Вечарам шэраг Тэлеграм-каналаў паведамілі пра затрыманьні сама меней трох удзельнікаў велапрабегу, якія адбыліся ў розных месцах ужо пасьля заканчэньня падзеі.