Намесьнік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч падчас онлайн-брыфінгу 13 ліпеня пракамэнтаваў затрыманьне чэмпіёна па бодзібілдынгу і фітнэс-інструктара Шаты Лабжанідзэ, піша БелаПАН.
«Давайце адыдзем ад прававой ацэнкі гэтай сытуацыі, — заявіў Казакевіч. — Ацэньваючы з пункту гледжаньня маралі, хіба годна грузінскага мужчыны вось такім чынам пісаць абразы жанчыне, члену БРСМ? Напэўна, не. Зь іншага боку, на тое яна і прававая дзяржава, каб паводле закону кожны грамадзянін меў ня толькі правы, але і нёс адказнасьць за ўсё, што ён робіць, у тым ліку і за тыя абразы, якія былі адрасаваныя зусім не вінаватаму чалавеку».
Міліцыянты паказалі відэа з Лабжанідзэ, на якім ён камэнтуе здарэньне. «Затрыманы за абразу ў сацыяльнай сетцы членаў БРСМ. Абразіў іх», — кажа Лабжанідзэ і цікавіцца ў кагосьці за кадрам: «Гэта цэнзурнае слова ці не? Я напісаў ім у асабістыя паведамленьні тое, што я пра іх думаю. Магчыма, я ня меў права на гэтае дзеяньне. Я ім ужо прынёс свае прабачэньні ў пратаколе».
«Як бачыце, наш чэмпіён жывы, здаровы і нават даволі ўкормлены. Ён ня робіць уражаньня чалавека, на якога рабіўся нейкі націск, — пракамэнтаваў гэты відэазапіс Казакевіч. — Разам з тым ён павінен разумець, што пры паўторы падобных рэчаў ён будзе несьці больш строгую, устаноўленую законам адказнасьць».
Лабжанідзэ затрымалі 10 ліпеня і аштрафавалі на 540 рублёў. Гэта ня першае затрыманьне Шата Лабжанідзэ за апошні час. Яго схапілі 19 чэрвеня на праспэкце Незалежнасьці ў Менску, калі АМАП пачаў разганяць удзельнікаў «ланцуга салідарнасьці» і выпадковых мінакоў.
У пратаколе затрыманьня было напісана, што ён выкрыкваў лёзунгі «Сыходзь!», «Свабоду палітвязьням» і супраціўляўся праваахоўнікам.
Сам жа Шата сьцьвярджаў, што сустракаўся ў цэнтры гораду зь сябрам, амапаўцы проста ўзялі яго пад рукі са словамі: «Занадта павольна ідзяце».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.