Перадвыбарчая кампанія сёлета праходзіць ва ўмовах нябачанага інфармацыйнага ціску, маніпуляваньня грамадзкай думкай, дыскрэдытацыі органаў улады і кіраваньня, — перакананы першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Казакевіч правёў онлайн-канфэрэнцыю «Telegram-пагрозы: хто стаіць за імі і каму выгадная дэстабілізацыя ў грамадзтве».
На думку Казакевіча, тое, што цяпер адбываецца ў краіне, — гэта частка тэхналёгіі, накіраванай на дасягненьне адной простай мэты: расхістаць і дэстабілізаваць сытуацыю.
«Элемэнтам такой тэхналёгіі зьяўляецца нэгатыўнае ўзьдзеяньне ў інфармацыйным полі з мэтай падрыву аўтарытэту ўлады, ачарненьня канкрэтных службовых асобаў, грамадзкіх дзеячоў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, пагроз і абразаў на адрас супрацоўнікаў міліцыі.
Задачы простыя і зразумелыя. З аднаго боку, спарадзіць недавер і непрыязь, а гэта азначае — нянавісьць грамадзян да існуючага дзяржаўнага ладу, асабліва супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і вайскоўцаў. З другога боку, расхістаць сьвядомасьць саміх супрацоўнікаў, каб у выніку спарадзіць у іх няўпэўненасьць, пасеяць страх, немагчымасьць ці нежаданьне выконваць прынятыя на сябе абавязаньні па ахове грамадзкага парадку і барацьбе са злачыннасьцю», — зачытаў свой выступ палкоўнік міліцыі.
Казакевіч прывёў у прыклад цкаваньне гарадзенскіх міліцыянтаў, паказаў нібыта скрыншоты паведамленьняў жонцы міліцыянта.
Асобна Казакевіч спыніўся толькі на чаце Telegram-каналу «Армия с народом». Агульная колькасьць падпісчыкаў — 1 тысяча чалавек, заўважыў ён. (Насамрэч у канале «Армия с народом» 125 падпісчыкаў, чату ў гэтага каналу няма. — РС). У канале нібыта фігуравалі актыўныя заклікі да сілавога ўзьдзеяньня на праваахоўнікаў.
У трансьляцыі прадэманстравалі скрыншоты паведамленьняў двух былых праваахоўнікаў, а цяпер проста ахоўнікаў. «Нічога агульнага з арміяй, з праваахоўнымі органамі гэтыя людзі ня мелі», — падкрэсьліў Генадзь Казакевіч.
Прадэманстравалі таксама відэа з паказаньнямі адміністратараў каналу.
«Нашай мэтай быў вывад людзей на плошчу, як у 2010 годзе, але ў больш маштабным аб’ёме», — сказаў мужчына на запісе.
«Інтэрнэт нельга забараніць, як нельга забараніць паветра. Тым ня менш у выпадку пагрозы нацбясьпецы... можна»
Падчас онлайн-трансьляцыі намесьніку міністра ўнутраных спраў задалі пытаньне, ці не плянуецца выкарыстоўваць расейскі досьвед спробы заблякаваць мэсэнджэр Telegram. На думку Генадзя Казакевіча, з тэхнічнага пункту гледжаньня гэтага зрабіць нельга.
«З інфармацыйнага пункту гледжаньня проста глупства блякаваць ня толькі Telegram-каналы, але і якія-небудзь рэсурсы. Таму што інтэрнэт нельга забараніць, як нельга забараніць паветра.
Тым ня менш у выпадку пагрозы нацыянальнай бясьпецы, у выпадку пагрозы распаўсюду любой дэструктыўнай інфармацыі мы можам эфэктыўна блякаваць доступ карыстальнікаў нацыянальнага сэгмэнта да гэтых рэсурсаў», — сказаў Генадзь Казакевіч.
Што пагражае чалавеку, калі ён падпісаны на розныя Telegram-каналы? І на якой падставе могуць прыйсьці да падпісчыка і правесьці агляд кватэры?
Паводле словаў Генадзя Казакевіча, за падпіску ў нашай краіне не прадугледжаная ні крымінальная, ні адміністрацыйная адказнасьць.
«Але чалавек павінен адказваць за свае выказваньні, якія носіць пагрозьлівы і абразьлівы характар. Альбо заклікі да масавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, безумоўна, зьяўляюцца складам адміністрацыйнага правапарушэньня. Менавіта на гэта рэагуе міліцыя», — кажа Казакевіч.
Крымінальную справу блогераў МУС не камэнтуе. Яе расьсьледуе Сьледчы камітэт
На пытаньне Радыё Свабода, за што канкрэтна затрыманыя 7 блогераў і адміністратараў Youtube-каналаў і Telegram-каналаў (Сяргей Ціханоўскі, Ігар Лосік, Сяргей Пятрухін, Аляксандар Кабанаў, Зьміцер Казлоў, Уладзімер Цыгановіч, Уладзімер Няронскі), Генадзь Казакевіч адразу ўдакладніў, што яны ўжо не затрыманыя, а арыштаваныя.
«Пытаньні абвінавачваньня, зьдзяйсьненьня ці незьдзяйсьненьня злачынстваў знаходзяцца па-за кампэтэнцыяй Міністэрства ўнутраных спраў. Паколькі крымінальную справу, па якой яны арыштаваныя, расьсьледуе Сьледчы камітэт», — заявіў Казакевіч.