Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двое фігурантаў «справы Ціханоўскага» выйшлі на волю


Васіль Баброўскі і Уладзімір Навумік пасля вызвалення 9 ліпеня. Фота: spring96.org
Васіль Баброўскі і Уладзімір Навумік пасля вызвалення 9 ліпеня. Фота: spring96.org

Фігуранты «справы Ціханоўскага» Ўладзімер Навумік і Васіль Баброўскі выйшлі на волю, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

9 ліпеня зь СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску выпусьцілі палітвязьняў Васіля Баброўскага і Ўладзімера Навуміка, фігурантаў так званай «справы Ціханоўскага». Ім зьмянілі меру стрыманьня з заключэньня пад варту на падпіску аб нявыезьдзе, але яны застаюцца абвінавачанымі па крымінальнай справе паводле артыкула «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (ч.1 арт. 342 КК РБ).

Цяпер Васіль Баброўскі і Ўладзімер Навумік вяртаюцца дадому ў Горадню.

За кратамі застаюцца яшчэ 7 фігурантаў так званай «справы Ціханоўскага»: сам блогер Сяргей Ціханоўскі, а таксама Аляксандар Арановіч, Уладзімер Кніга, Яўген Разьнічэнка, Арцём Сакаў, Вяргілій Ушак і Зьміцер Фурманаў.

Яшчэ аднаго фігуранта, Сяргея Калмыкова, адпусьцілі праз тыдзень пасьля затрыманьня, але пакінулі яго ў статусе абвінавачанага.

Уладзімера Навуміка і Васіля Баброўскага затрымалі падчас пікету па зборы подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую 29 траўня ў Горадні.

Уладзімеру Навуміку 36 гадоў, гарадзенец, жанаты, мае 5-гадовую дачку. Працуе інжынэрам у дзяржаўнай арганізацыі. Дома з жонкай ніколі раней не абмяркоўвалі палітычныя пытаньні. У той дзень пайшоў па торт для дачкі і не вярнуўся. На пікеце Ціханоўскай 29 траўня ў Горадні пачаў здымаць тузаніну на тэлефон, тады яго і затрымалі. Пры затрыманьні міліцыянт «наступіў яму каленам на галаву».

Васілю Баброўскаму 45 гадоў, гарадзенец, жанаты, трое дзяцей, адзін зь іх непаўналетні. Працуе аўтасьлесарам.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG