Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп зацьвердзіў плян скарачэньня амэрыканскай вайсковай прысутнасьці ў Нямеччыне на 9500 чалавек. Пра гэта ў аўторак паведамілі ў Міністэрстве абароны ЗША, піша «Голас Амэрыкі».
У заяве прэс-сакратара Пэнтагону Джонатана Хофмана гаворыцца, што рашэньне аб пераводзе войскаў «ўзмоцніць стрымліваньне Расеі, умацуе NATO, супакоіць саюзьнікаў», а таксама паслужыць паляпшэньню «стратэгічнай гнуткасьці» ЗША. У выніку колькасьць амэрыканскіх вайскоўцаў, разьмешчаных у Нямеччыне, скароціцца з 34 500 да 25 000 чалавек.
Хофман не ўдакладніў, калі адбудуцца скарачэньні і ці будуць войскі пераведзены ў іншую краіну NATO.
Пэнтагон праінфармуе Кангрэс пра плян далейшых дзеяньняў «ў наступныя тыдні». Затым ЗША пракансультуюцца з саюзьнікамі «аб далейшых дзеяньнях», гаворыцца ў паведамленьні.
Раней прадстаўнікі Пэнтагону дапускалі, што ў выпадку скарачэньня кантынгенту ў Нямеччыне частка вайскоўцаў можа быць накіравана ў краіны былога Ўсходняга блёку.
Падчас візыту прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды ў Вашынгтон, які адбыўся на мінулым тыдні, Дональд Трамп заявіў, што частка амэрыканскіх вайскоўцаў будзе накіравана ў Польшчу.
«Некаторыя вернуцца дадому, а некаторыя будуць накіраваныя ў іншыя месцы. Польшча стане адным з такіх месцаў», — заявіў прэзыдэнт ЗША. 15 чэрвеня Дональд Трамп выказаў шкадаваньне ў сувязі з тым, што Бэрлін недастаткова траціць на ўласную абарону, а таксама заявіў пра сваю незадаволенасьць сытуацыяй, якая складваецца ў амэрыканска-нямецкіх гандлёвых адносінах.
«Мы вядзём зь імі перамовы ў гэтым пытаньні, але [...] я не задаволены ўгодай, якую яны хочуць заключыць. Гэта каштавала Злучаным Штатам сотні мільярдаў даляраў за гады гандлю [...], мы пацярпелі ад гандлю, і мы пацярпелі ад [выдаткаў на] NATO», — заявіў Трамп.
Паводле Трампа, «гэта вялікія выдаткі для Злучаных Штатаў, таму колькасьць вайскоўцаў памяншаюць да 25 000 чалавек.