Міністар абароны ЗША Марк Эспэр 29 чэрвеня прадставіць прэзыдэнту Дональду Трампу некалькі варыянтаў вываду амэрыканскіх вайскоўцаў з Нямеччыны, зь якіх «некалькі тысяч» будуць перакінутыя ва Ўсходнюю Эўропу.
Пра гэта паведамляе Голас Амэрыкі, спасылаючыся на дзьве ананімныя крыніцы ў Пэнтагоне.
Паводле двух высокапастаўленых прадстаўнікоў Пэнтагону, плян прадугледжвае скарачэньне сталай прысутнасьці амэрыканскіх войскаў у Нямеччыне на 9500 чалавек, да 25 тысяч вайскоўцаў. Некаторыя з гэтых 9500 вайскоўцаў вернуцца ў ЗША, іншыя будуць пераведзеныя ў краіны былога ўсходняга блёку.
Гэтыя зьмены, паводле прадстаўнікоў Пэнтагону, паслужаць у якасьці адназначнага папярэджаньня прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну, чые ваенныя амбіцыі ў чарговы раз былі пацьверджаныя анэксіяй украінскага Крыму ў 2014 годзе.
Суразмоўцы не ўдакладнілі, у якую менавіта з эўрапейскіх краін могуць быць перакінутыя вайскоўцы, якія цяпер знаходзяцца ў Нямеччыне, аднак прэзыдэнт Дональд Трамп, сустракаючыся 24 чэрвеня з прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам, заявіў, што амэрыканскія вайскоўцы будуць пераведзеныя менавіта ў Польшчу.
Паводле згаданых крыніц, частка вайскоўцаў будзе пастаянна знаходзіцца на базах, аднак большасьць зь іх будзе перамяшчацца па тэрыторыі краіны.
У 1997 годзе альянс NATO паабяцаў Расеі не ствараць пастаянныя вайсковыя базы ў былым усходнім блёку. Да гэтага часу ў моманты росту напружаньня ў адносінах з Масквой Паўночнаатлянтычны альянс перакідваў войскі ў краіны, геаграфічна блізкія да Расеі, толькі на часовай аснове. Аднак цяпер, адзначае Голас Амэрыкі, ЗША лічаць, што анэксія Крыму і канфлікт на ўсходзе Ўкраіны вызваляе іх ад ранейшых абавязаньняў.
У дадатак адна з крыніц у Пэнтагоне заявіла, што перакідка вайскоўцаў будзе праводзіцца на аснове двухбаковых пагадненьняў паміж ЗША і зацікаўленымі краінамі, а не пад эгідай NATO.