Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла заяву, у якой канстатуецца, што «далучэньне тэрыторыі Беларусі застаецца доўгатэрміновай мэтай» рэжыму, які пануе цяпер у Расеі.
У заяве, тэкст якой зьмешчаны на сайце Рады БНР, гаворыцца, што «Лукашэнка прыйшоў да ўлады і ўсталяваў свой аўтарытарны рэжым як праваднік інтарэсаў рэваншысцкіх колаў у Расеі. Больш як два дзесяцігодзьдзі рэжым А. Лукашэнкі выжываў выключна дзякуючы эканамічнай і палітычнай падтрымцы з боку Расейскай Фэдэрацыі».
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі адзначыла, што «беларускае грамадзтва павінна аказаць ціск на ўлады Рэспублікі Беларусь і не дапусьціць здачу А. Лукашэнкам сувэрэнітэту Беларусі ў абмен на чарговую дапамогу з боку Расеі».
Рада БНР заклікала «вызваліць усіх арыштаваных палітыкаў, актывістаў, журналістаў і блогераў, а таксама правесьці свабодныя і дэмакратычныя выбары ва ўсе органы ўлады ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі».