Жыхары Маскоўскага і Фрунзенскага раёнаў сталіцы сьцьвярджаюць, што пацярпелі ад няякаснай вады, і дасылаюць фота, дзе бачна раздражненьне на скуры.
Чыноўнікі пераконваюць, што дзеля гаспадарча-бытавых патрэб ваду з-пад крана ўжываць можна, толькі піць не рэкамэндуецца.
Галоўны доктар хуткай дапамогі: «У сераду мы выяжджалі да 15 пацыентаў»
На брыфінгу ў інфармацыйным агенцтве БелТА галоўны доктар Менскай гарадзкой станцыі хуткай дапамогі расказаў, што ў сераду былі звароты ад людзей, якія пацярпелі ад няякаснай вады.
«У сераду мы выяжджалі да 15 пацыентаў, якія зьвязвалі пагаршэньне свайго стану з ужываньнем забруджанай вады. Чатырох мы даставілі ў стацыянары. Адна жанчына з апэндыцытам, але, думаю, вада да гэтага дачыненьня ня мела, яе сёньня праапэравалі. Трое шпіталізаваных у здавальняючым стане, і сёньня былі выпісаныя. Паводле стану на 11.30 чацьвярга зваротаў у хуткую не было», — кажа Аляксандар Жынко.
«Раздражненьні на скуры, чырвоныя плямы па ўсім целе»
На Свабоду людзі дасылаюць фота, дзе выразна відаць чырвоныя плямы, раздражненьне на скуры.
Настасься жыве на Налібоцкай вуліцы, што ў сталічным мікрараёне Каменная Горка.
«Я ўчора прыняла душ. На скуры зьявіліся чырвоныя плямы, сып, скура сьвярбела. Я выклікала хуткую дапамогу. Прыехалі, сказалі, што гэта алергія. Сёньня стала яшчэ горш», — кажа Настасься.
У чацьвер яна запісалася на прыём да дэрматоляга ў прыватны мэдычны цэнтар.
«Лекар сказаў, што гэта алергічная рэакцыя з апёкамі — кісьцяў рук, сьпіны, твару. Прапісаў проціалергічныя прэпараты: супрастын, адвантан, парлазін, алідэл, мазі. А таксама параіў мазаць цела сьпіртавым растворам, каб не пацела», — кажа Настасься.
Яшчэ адна дзяўчына піша:
«Ня ўпэўнена пра атручэньне, жывот трохі бурчаў увечары (але мы пілі ваду зь фільтра ўсю раніцу, літра паўтара дакладна я выпіваю). Млоснасьці не было.
У 16:00 пайшла ў душ. Спачатку паху не адчувала, але потым прыйшлося выбягаць проста ў мыле.
Раздражненьне пайшло па руках, цела трохі шчыпала. Тэлефанавала ў хуткую — яны кажуць тэлефанаваць у водаканал, а водаканал сказаў тэлефанаваць у хуткую — там ведаюць пра сытуацыю. Замкнёнае кола», — піша дзяўчына.
Юлія паведамляе, што прачнулася ў сераду пасьля начной зьмены даволі позна, пайшла ў душ.
«Літаральна як толькі выйшла з ваннай, адчула пякотку на скуры галавы, потым зьявіліся чырвоныя плямы па ўсім целе, галавакружэньне, пачало ванітаваць. Добра, што ні ўмыцца, ні пачысьціць зубы, ні тым больш выпіць кавы яшчэ не пасьпела».
Галоўны санітарны доктар: «Дадзеныя, якія мы атрымалі, дазваляюць нам выдыхнуць»
Чыноўнікі тым часам сьцьвярджаюць, што ваду непажадана піць, аднак дзеля гаспадарча-бытавых патрэб выкарыстоўваць можна.
Галоўны санітарны доктар Мінздароўя Натальля Жукава ў чацьвер на брыфінгу ў БелТА паведаміла, што атрыманыя першыя вынікі аналізаў проб водаправоднай вады.
«Паводле праведзеных дасьледаваньняў, нармалізаваліся арганалептычныя паказьнікі, фізыка-хімічныя таксама нармалізуюцца. І ёсьць першыя дадзеныя, што па мікрабіялягічных паказьніках вада таксама адпавядае патрабаваньням. То бок у вадзе ня знойдзеныя патагенныя мікраарганізмы. Але дасьледаваньні працягваюцца», — заявіла яна.
Натальля Жукава ўсё ж парэкамэндавала пакуль устрымацца ад спажываньня вады з-пад крана.
«Дадзеныя, якія мы атрымалі, дазваляюць нам выдыхнуць, але гэта папярэднія дадзеныя», — кажа Натальля Жукава.
Менчукі пачалі скардзіцца на якасьць вады раніцай 24 чэрвеня. Людзі адчувалі непрыемны пах, скардзіліся на непрыемныя адчуваньні на скуры, калі такой вадой памыцца.
Агулам у Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах сталіцы пражывае каля 800 тысяч чалавек, пацярпелі жыхары прыкладна 2400 шматпавярховых дамоў.