Прадпрыемства «Менскводаканал» за ноч на 25 чэрвеня выдаў тры паведамленьні: каля 2-й гадзіны ночы аб забароне выкарыстаньня вады ў Маскоўскім і Фрунзэнскім раёнах Менску, каля 7-й раніцы аб дазволе, затым аб падвозе вады ў цыстэрнах.
Сайт «Водаканалу» працуе зь перабоямі, спасылкі могуць не адкрывацца.
У паведамленьні пра забарону прычынаў не назвалі, толькі напісалі, што «на падставе патрабаваньня санітарных службаў» ваду з кранаў забаронена піць, але можна выкарыстоўваць у гаспадарчых патрэбах. Да таго каля 5-й вечара Менгарвыканкам пісаў у Telegram, што піць ваду ў Маскоўскім і Фрунзэнскім раёнах нельга. А 7-й вечара 24 чэрвеня Міністэрства здароўя пісала ў Telegram тое самае.
У наступным паведамленьні «Водаканалу» каля 2-й ночы сьцьвярджаюць, што «Менскводаканал» усю ноч праводзіў прафіляктычныя працы ў названых раёнах, і цяпер «якасьць вады ў магістральных сетках і ў раённых пампавальных станцыях цалкам адпавядае патрабаваньням санітарных правілаў і нормаў». Такое ж паведамленьне выдаў у Telegram Менгарвыканкам.
Жыхароў Маскоўскага і Фрунзэнскага раёнаў папрасілі зранку пазьліваць ваду з «рэшткавым пахам» цягам 10–15 хвілінаў, паабяцалі ня браць плату за брудную ваду.
Падвоз чыстай пітной вады арганізавалі да сямі дамоў: Налібацкая, 34; Якубоўскага, 34; Шаранговіча, 34; Пушкіна, 38; Прытыцкага, 54; Рафіева, 109 і Бурдзейнага, 25.
Што здарылася?
Да канца не зразумела.
Раніцай 24 чэрвеня жыхары Фрунзэнскага і Маскоўскага раёнаў Менску, дзе ў кранах цячэ вада зь Вялейска-Менскай воднай сыстэмы, адчулі непрыемны пах ад вады. Чыноўнікі заявілі, што ўсё ў межах нормаў, але адначасова адправілі на вуліцы 24 цыстэрны зь пітной вадой, да якіх адразу пасталі чэргі.
«Водаканал» зьвязваў пах вады «з высокімі тэмпэратурамі, якія стаялі апошнімі днямі». Канкрэтнай прычыны не называлі. Цягам 24 чэрвеня зьяўлялася і сьцьверджаньне, што пробы вады ў норме, толькі парамэтар паху каля верхняй мяжы дапушчальнага.
Хімікі, апытаныя парталам Tut.by, мяркуюць, што праблемы з вадой могуць быць зьвязаныя з выбуховым ростам водарасьцяў у вадаёмах, зь якіх бяруць ваду. Яны дапускаюць, што ў ваду маглі дадаць зашмат хімічных рэагентаў — або, наадварот, замала, і прычынай можа быць размнажэньне бактэрыяў.
Некаторыя менчукі скардзіліся на моцную алергічную рэакцыю на «сьмярдзючую» ваду.
Паводле некаторых зьвестак, вада сапсавалася і ў цэнтры гораду, але афіцыйных пацьверджаньняў гэтага не было.