Вада ў Менску шкодная паводле хімічнага складу, вынікае з афіцыйнага дакумэнту Міністэрства аховы здароўя за подпісам галоўнага санітарнага доктара Менску, які трапіў у рэдакцыю Радыё Свабода. Атрымаць камэнтар у міністэрстве на момант выхаду публікацыі не ўдалося.
Менскі гарадзкі цэнтар гігіены, пішуць у дакумэнце, рабіў 24 чэрвеня забор вады на аналіз у Фрунзэнскім і Маскоўскім раёнах Менску ў сувязі са зваротамі насельніцтва. У выніку лябараторных дасьледаваньняў выявілі неадпаведнасьць санітарным правілам і нормам паводле «паху пры 20°С і 60°С», пэрмаганатнай акісьляльнасьці і наяўнасьці нафтапрадуктаў.
«У цяперашні час пітная вада не бясшкодная паводле хімічнага складу і не спрыяльная паводле арганалептычных уласьцівасьцяў», – гаворыцца ў дакумэнце ад 24 чэрвеня. У сувязі з «парушэньнямі заканадаўства, якія ствараюць пагрозу шкоды жыцьцю і здароўю насельніцтва», галоўны санітарны доктар лічыў неабходным абвясьціць насельніцтву пра забарону выкарыстаньня вады ў Маскоўскім і Фрунзэнскім раёнах Менску.
Цягам 24 і 25 чэрвеня ад Менгарвыканкаму і Менсквадаканалу паступалі паведамленьні спачатку пра небясьпеку вады, затым пра адпаведнасьць вады нормам. Апоўдні 25 чэрвеня ад менчукоў працягваюць ісьці скаргі на якасьць вады ня толькі ў Маскоўскім і Фрунзэнскім раёнах, але і ў цэнтры гораду.
Генэральная пракуратура распачала праверку ў сувязі са скаргамі менчукоў на якасьць вады.