Генэральная пракуратура Беларусі 25 чэрвеня пачала праверку паводле «шматлікіх скаргаў» жыхароў Менску на якасьць вады ў асобных раёнах гораду.
Да праверкі абяцаюць прыцягнуць спэцыялістаў санітарна-эпідэмічных службаў, даць ацэнку выкананьня патрабаваньняў да якасьці вады. Таксама абяцаюць даць ацэнку дзеяньняў службовых асобаў арганізацыяў, якія аказваюць паслугі забесьпячэньня вадой.
Менчукі пачалі скардзіцца на якасьць вады раніцай 24 чэрвеня, адчувалі непрыемны пах, скардзіліся на непрыемныя адчуваньні на скуры, калі такой вадой памыцца. Паўдня афіцыйных камэнтароў не было.
Днём 24 чэрвеня «Менскводаканал» паведаміў Tut.by, што прычына здарэньня са «сьмярдзючай» вадой — сьпёка. Дакладную прычыну не назвалі. 25 чэрвеня ў сеціва трапіў дакумэнт Міністэрства аховы здароўя пра тое, што яшчэ днём раней ваду прызналі небясьпечнай: выявілі неадпаведнасьць санітарным правілам і нормам «паху пры 20°С і 60°С», пэрманганатнай акісьляльнасьці і наяўнасьці нафтапрадуктаў.
Цягам 24 і 25 чэрвеня піць ваду ў Маскоўскім і Фрунзэнскім раёнах спачатку забаранялі, пасьля дазвалялі. Днём 25 чэрвеня менчукі скардзяцца на непрыемны пах і незвычайны колер вады ня толькі ў тых раёнах, але і ў цэнтры гораду. Некаторыя менчукі скардзіліся на моцную алергічную рэакцыю на «сьмярдзючую» ваду.